Амбасада ЗША: Практычна ўсе незалежныя СМІ ў Беларусі падвергліся пераследу
Амбасада ЗША ў Беларусі пракаментавала ператрусы ў офісе інфармагенцтва БелаПАН у Мінску і ў кватэрах яго супрацоўнікаў, а таксама затрыманне галоўнага рэдактара, дырэктара кампаніі Ірыны Леўшынай, бухгалтаркі Кацярыны Боевай і былога дырэктара Дзмітрыя Наважылава.
"Рэжым бязмежна баіцца праўды, таму ён шалёна нападае на свабоду прэсы, — піша прэс-служба амерыканскай амбасады ў Twitter. — Практычна ўсе незалежныя СМІ ў Беларусі падвергліся пераследу. Сёння зноў настала чарга БелаПАН".
Амерыканскія дыпламаты перакананыя, што "галасы свабоды нельга заглушыць" і "справядлівасць пераможа".
Леўшына, Боева і Наважылаў — падазраваныя па крымінальнай справе аб "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). Яны з серады знаходзяцца на Акрэсціна. Як паведамляе БелаПАН, 19 жніўня для іх у ізалятары часовага ўтрымання прынялі перадачы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.