Андрэя Бандарэнку пераводзяць з шклоўскай калоніі ў магілёўскую турму
Зняволенага праваабаронцу Андрэя Бандарэнку пераводзяць са шклоўскай калоніі ў магілёўскую турму. Такое рашэнне было епрынята 17 снежня на выязным судовым пасяджэнні ў шклоўскай папраўчай калоніі №17. Прычынай пераводу называліся "шматлікія парушэнні" рэжыму. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла дырэктар прыватнай інфармацыйна-кансультацыйнай установы "Рэгіён 119" Алена Красоўская-Каспяровіч.
Яна дадала, што для Бандарэнкі стане больш жорсткім рэжым, бо ў калоніі ёсць пэўная свабода перамяшчэння. У турме ён будзе сядзець у камеры і мець толькі дзве гадзіны штодзённай прагулкі.
Як паведамлялася раней, у 2014 годзе Бандарэнку прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве. Ён быў асуджаны на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней па амністыі тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.
У Бандарэнкі ўзніклі канфлікты з вязнямі ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска, куды ён спярша трапіў. Таму зняволенага праваабаронцу перавялі ў Шклоў. Аднак і там яму прысвоілі так званы "нізкі статус". Бандарэнка неаднаразова прасіў адміністрацыю калоніі змясціць яго ў бяспечнае месца. Як правіла, гэта быў штрафны ізалятар.
Фота: svaboda.org