Арастовіч: мы не будзем біць па беларускай тэрыторыі

Кіеў / фота гарадской рады
Кіеў / фота гарадской рады

Дарадца офіса Уладзіміра Зяленскага Аляксей Арастовіч расказаў, чаму беларусы могуць спаць спакойна, а ўкраінцы ўсё яшчэ лічаць іх братамі.

— Мы не будзем адказваць [запускаць ракеты па тэрыторыі Беларусі. — Еўрарадыё] па беларускім народзе. Наколькі могуць быць блізкімі народы, настолькі нам блізкі беларускі народ, — сказаў у эфіры Еўрарадыё дарадца Уладзіміра Зяленскага Аляксей Арастовіч. — Зацяганае слова "браты" ў дачыненні да расіян не хочацца выкарыстоўваць, а ў дачыненні да беларусаў — у поўнай меры.

Арастовіч нагадаў, што Украіна ў курсе: паводле міжнароднага заканадаўства нават пропуск над сваёй тэрыторыяй крылатых ракет праціўніка ёсць саўдзелам у вайсковай агрэсіі.

— Амаль поўны ўдзел беларускай структуры, беларускага войска ў якасці падтрымных падраздзяленняў, сіл і сродкаў выведкі, якія спрыяюць нападу расійскага войска з беларускай тэрыторыі, — гэта ўсё прыкметы вайсковай агрэсіі.

Тым не менш мы не будзем біць па беларускай тэрыторыі. Не білі і не будзем біць, бо не хочам прычыняць шкоды народу Беларусі. Не хочам, каб беларусы гінулі ад украінскіх ракет. Мы выдатна падзяляем беларускі народ і рэжым Беларусі, які цяпер ажыццяўляе "эфектыўны кантроль".

Украіна не прызнала Аляксандра Лукашэнку ў якасці прэзідэнта Беларусі. А вось з тым, што ён ажыццяўляе эфектыўны кантроль, даводзіцца лічыцца.

Ён нагадаў, што ў Беларусі ў дачыненні да яго заведзена крымінальная справа за тэрарызм.

— За тое, што я заклікаў беларускіх партызанаў заняцца чыгуначнай сеткай Беларусі. І беларускія партызаны, рызыкуючы жыццём і здароўем, моцна ўскладнілі расійскаму войску выкарыстанне шляхоў забеспячэння, прымусілі рухацца замест кароткай дарогі па доўгай, сарвалі тэмпы паставак узбраення. Цяпер актыўнасць з беларускай тэрыторыі мінімальная. Навошта ж мы будзем біць па гэтых людзях?

Дый беларускія вайскоўцы, калі адмовіліся наступаць — а яны адмовіліся, — таксама адыгралі сваю ролю. У нас супольная барацьба.

Ніякай помсты з боку Украіны беларусам чакаць не варта, падкрэслівае Арастовіч.

— Мы еўрапейскае войска еўрапейскай краіны і вядзём цывілізаваную вайну, — кажа суразмоўнік Еўрарадыё.

У эфіры Еўрарадыё Арастовічу задалі і тое самае пытанне: дык адкуль жа на Беларусь рыхтаваўся напад?

— Нам больш рабіць няма чаго, акрамя як нападаць на Беларусь, маючы 200-тысячную групоўку на нашых межах і ведаючы, што вайна пачнецца. Больш нам не было чаго рабіць — яшчэ беларускае войска ўцягваць у вайну.

Аляксандр Рыгоравіч расказвае тое, што яму трэба расказваць, у той спецыфічнай сітуацыі, у якой ён апынуўся. Калі на яго велізарны ціск аказвае Пуцін з тым, каб беларускае войска ўступіла ў вайну, а яму гэта зусім не трэба. На справе, на зямлі беларускае войска нікуды не ўступіла. А ў рыторыцы трэба было гаварыць правільныя словы, і ён іх яшчэ доўга будзе гаварыць.

Мы ж усё цудоўна разумеем. Яму даводзіцца лавіраваць. Ён робіць гэта ўдала.

Поўную версію гутаркі з Арастовічам глядзіце на канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі