Арастовіч: не спяшайцеся запісваць беларускіх вайскоўцаў у здраднікі

За што Арастовіч падзякаваў беларускім вайскоўцам? / Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
За што Арастовіч падзякаваў беларускім вайскоўцам? / Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

Дарадца офіса Уладзіміра Зяленскага Аляксей Арастовіч заклікае не прымяншаць унёсак беларускіх вайскоўцаў у тое, што армія так і не зайшла на тэрыторыю Украіны.

Госць Еўрарадыё адказаў на пытанне гледача пра тое, чаму ён верыць, што беларускія вайскоўцы свядома адмовіліся ваяваць з Украінай.

— Я ведаю, што яны не хочуць. Па нашых звестках, больш за 60% вайскоўцаў беларускай арміі адмовіліся ваяваць супраць Украіны. Пры апытаннях яны сказалі: не, не будзем.

Якія меры толькі не прымаліся: і КДБ Беларусі, і расійскія куратары, і спробы замяніць беларускіх камандзіраў на расійскіх альбо лаяльных. Не, не пайшло.

І я вам скажу, што для такога схаванага сабатажу трэба мужнасць. Ім было няпроста гэта зрабіць, і я не стаў бы прымяншаць іх унёсак у тое, што беларускае войска не ўступіла ў вайну.

Арастовіч кажа, што мужнасць бывае двух тыпаў: грамадзянская і вайсковая. Вайсковая мужнасць прадугледжвае гатоўнасць ехаць ваяваць.

— Вось у расійскіх вайскоўцаў ёсць такая мужнасць: яны бяздумна наступаюць, кладуць свае жыцці. А грамадзянская мужнасць — устаць і сказаць свайму кіраўніцтву, што мы не будзем гэтага рабіць. Ці хоць бы: давайце зменім планы на больш рэалістычныя. Дык вось, у беларускіх вайскоўцаў знайшлася грамадзянская мужнасць хоць бы шляхам сабатажу не дапусціць уступлення беларускай арміі ў вайну.

За што ім, між іншым, хвала і пашана. Я б не стаў прымяншаць значэнне іх унёску ў гэтую гісторыю.

Арастовіч кажа, што ў беларусаў могуць быць прэтэнзіі да войска з іншых прычын.

— Калі паліцыя забівала ў кроў людзей, войска не ўступілася. Але зразумейце: вайсковыя людзі — гэта вельмі спецыфічная гісторыя, ім цяжка ўмешвацца ва ўнутраныя справы. Усё вайсковае выхаванне — гэта катэгарычная забарона на ўмяшанне войска ва ўнутраныя справы. На ўзроўні рэфлексу — не ўмешвацца.

А выбар які: пачынаць грамадзянскую вайну ўнутры краіны? Войска супраць паліцыі? А хто гэтым скарыстаецца? Ці не Расія? І беларускія вайскоўцы зрабілі свой вельмі нялёгкі выбар. Я б не спяшаўся пагалоўна запісваць іх у здраднікі беларускага народа.

Вайскоўцы звыклі думаць у катэгорыях "што далей?". Вось яны пачалі грамадзянскую вайну, войска пачало страляць у паліцыю — што далей? Дзве расійскія арміі неадкладна забягуць у Беларусь?

Поўную версію гутаркі з Арастовічам глядзіце на канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі