Археалагічная сенсацыя: у Шумілінскім раёне знайшлі 1000-гадовы ўнікальны помнік
Беларускія археолагі заявілі, што ў вёсцы Кардон Шумілінскага раёна знайшлі ўнікальны помнік IX-X стагоддзяў. Яго залічваюць у лік найважнейшых помнікаў археалогіі ва Усходняй Еўропе, піша газета "СБ. Беларусь сегодня".
Кіраўнік экспедыцыі, загадчыца Цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Вольга Ляўко адзначае, што знойдзенае старажытнае паселішча на тэрыторыі нашай краіны па навуковай каштоўнасці стане нумарам адзін. У вёсцы Кардон археолагі адкапалі каля 30 гіраў, 50 дырхемаў, 3 рымскія сярэбраныя манеты III-V стагоддзяў (раней іх знаходзілі толькі на поўдні Беларусі), бранзалеты, гузікі, скандынаўскі нацельны крыжык, агулам — 600 знаходак за сезон. Такіх скарбаў, якія адносяцца да IX-X стагоддзяў, у Беларусі яшчэ не знаходзілі.
Паселішча было заснаванае варагамі. Верагодна, яны наладзілі нават ювелірную вытворчасць. Археолагі выйшлі на Кардон пасля таго, як даведаліся, дзе здабываюць старажытныя рэчы скандынаваў "чорныя капальнікі".