Армянскі журналіст прапанаваў скасаваць Мінінфармацыі Беларусі
Барыс Навасардзян заявіў, што ўпершыню чуе пра нацыянальныя асаблівасці свабоды слова.
У Рызе на медыяфоруме "Усходняга партнёрства" адбылася дыскусія аб праблемах беларускіх журналістаў. У ёй прынялі ўдзел экс-старшыня БАЖ Жанна Літвіна і прадстаўнік Мінінфармацыі Юрый Бябешка.
Як перадае Радыё "Свабода", Літвіна заявіла, што ў Беларусі па-ранейшаму дамінуюць дзяржаўныя СМІ, якія маюць шмат эканамічных прэферэнцыяў. Разам з тым, беларуская інфармацыйная прастора адкрытая ў бок Расіі, у выніку дзве траціны беларусаў давяраюць расійскай прапагандзе. Літвіна распавяла аб праблемах працы журналістаў без акрэдытацыі і спробах беларускіх уладаў кантраляваць інтэрнэт. Яна адзначыла, што цяпер у Беларусі інтэрнэт-рэсурсы прыраўноўваюцца да звычайных СМІ і перад імі паўстала праблема блакавання.
У сваю чаргу, намеснік начальніка ўпраўлення прававой і кадравай працы Мінінфармацыі Юрый Бябешка заявіў: "Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне СМІ развіваецца з улікам нацыянальных асаблівасцяў. Пра манапалізацыю СМІ не варта і гаварыць, бо 80% СМІ ў Беларусі — недзяржаўныя, дзейнічаюць з улікам разнастайнасьці думак". Ён пацвердзіў, што Мінінфармацыі можа абмяжоўваць доступ да сайтаў, але з 1 студзеня быў абмежаваны доступ да 18 рэсурсаў. 15 з іх прапаноўвалі наркотыкі, адзін — парнаграфію, два сайты былі заблакаваныя за распаўсюд табуяванай лексікі. Чыноўнік дадаў, што гэта адпавядае еўрапейскім тэндэнцыям.
Эксперт медыяфоруму, старшыня Ерэванскага прэс-клуба Барыс Навасардзян для вырашэння праблемаў беларускіх СМІ прапанаваў ліквідаваць Мінінфармацыі Беларусі: "Упершыню чую пра нацыянальныя асаблівасці свабоды слова... У Арменіі мы імкнуліся ліквідаваць Міністэрства інфармацыі і былі задаволеныя, калі ўрэшце гэта адбылося".
Фота — tut-news.by