Багацце Пуціна ацанілі ў 200 млрд долараў

Багацце кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна складае каля 200 мільярдаў долараў. Пра гэта ў інтэрв'ю CNN заявіў кіраўнік інвестыцыйнага фонду Hermitage Capital Біл Браўдэр.

У сваіх разліках Браўдэр сыходзіў з таго, што Пуцін трымаецца ва ўладзе 14 гадоў. Па яго словах, ён улічваў сумы, якія нарасціла краіна ў цэлым, і сумы, якія не былі выдаткаваныя на школы, дарогі, лякарні і г.д. "Усе гэтыя грошы — ва ўласнасці, захоўваюцца на рахунках у швейцарскіх банках, у акцыях, хедж-фондах, якія кіруюцца Пуціным і яго набліжанымі", — перадае сайт liga.net словы Браўдэра. Ён лічыць Пуціна самым багатым чалавекам у свеце або адным з найбагацейшых.

Дарэчы, CNN называе Браўдэра найбуйнейшым раней замежным інвестарам у Расіі і былым прыхільнікам Пуціна. Бізнэсовец кажа, што пачынаў інвеставаць у Расію, купляючы акцыі расійскіх кампаній. Але потым ён выявіў, што "алігархі і ўрадавыя чыноўнікі крадуць у гэтых кампаній ўвесь прыбытак". Пэўны час з гэтым удавалася змагацца праз агалоску ў міжнародных СМІ. Але, па словах Браўдэра, сітуацыя памянялася, калі Пуцін арыштаваў Міхаіла Хадаркоўскага. Астатнім алігархам Пуцін нібыту сказаў: "Калі вы не хочаце быць арыштаванымі, то павінны дзяліцца грашыма са мной".

Сам расійскі кіраўнік заяўляў, што не ведае памер свайго заробку.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі