Багданкевіч: Інфармацыя пра маю сустрэчу з Пракаповічам — "качка"
У панядзелак у інтэрнэце з'явілася паведамленне пра сустрэчу ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі экс-кіраўнікоў Нацбанку.
Ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч і Пётр Пракаповіч, намеснік прэм’ер-міністра, нібыта мусілі пагаварыць пра дэвальвацыю.
Еўрарадыё датэлефанавалася да Станіслава Багданкевіча. Ён кажа, што сустрэча будзе, але не з Пракаповічам, а з партыйнай моладзю.
Багданкевіч: "Гэта выдумка [сустрэча з Пракаповічам]... Кіраўніцтва гарадской арганізацыі прапанавала мне правесці сустрэчу, бо ў маладых людзей-прыхільнікаў АГП ёсць пытанні па эканоміцы. Я сказаў, што адкажу на іх пытанні. Але ніякіх сустрэч [з Пракаповічам]... і тэма дэвальвацыі спецыяльна не разглядаецца... Разглядаецца цэлы шэраг пытанняў, звязаных з эканамічным крызісам у свеце і крызісам у Беларусі".
Нагадаем, што Багданкевіч кіраваў Нацбанкам у 1991-1995 гадах, Пракаповіч — у 1998-2011 гг. Два гады таму кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з экс-кіраўніком Нацбанку Станіславам Багданкевічам. Сустрэча адбылася з ініцыятывы чыноўніка. Мясніковіч прасіў у яго кансультацыяў і парадаў наконт выхаду з крызісу.
Фота — bymedia.net