Бальніца: Быў адзін расіянін — абкурыўся, патрапіўся фін — у таксікалогію

На сайце ГУУС Мінгарвыканкама шмат паведамленняў, пазначаных сімвалам чэмпіянату. Але сярод іх правапарушэнняў асабліва і няма. Асноўнае — крадзеж сувеніраў. На злачынствах заўважаныя як беларусы, так і расіяне.

У 4-й бальніцы заўважаюць, што для масавых мерапрыемстваў, у тым ліку, і чэмпіянату свету па хакеі, у іх забраніравана некалькі ложкаў у кожным аддзяленні. У прыёмным аддзяленні гэтай жа лякарні пагаджаюцца, іншаземцы звярталіся, але дакладна адказаць, колькі і з якой нагоды, не могуць.

А вось у Бальніцы хуткай дапамогі ўспамінаюць пра рускіх і фінаў. Але і тут кажуць, што замежнікаў чакалі болей.

“Небагата неяк было, чакалі болей. Быў адзін расіянін — абкурыўся траўкай, патрапіўся фін — у таксікалогію. Чулі, што нават і памёр нехта, а калі б трапілі да нас, адкачалі б. Для фінаў у мяне ў аддзяленні 10 ложкаў! Але яшчэ пакуль ніхто не трапляўся”, — кажа намеснік галоўурача Бальніцы хуткай дапамогі Ігар Грыгор'еў.

“Мо будуць пасля чэмпіянату ўжо да нас звяртацца. Але гэта праз 9 месяцаў нам тэлефануйце, калі што”, — смяюцца ў радзільні Мінска.

Найбольш парушэнняў, зафіксаваных у ДАІ, — за перавышэнне хуткасці, няправільную паркоўку. У Мінскай ДАІ кажуць, што былі зафіксаваныя правапарушэнні рознага характару.

“За гэты час ў нас было зафіксавана 12 вадзіцеляў-замежнікаў, якія былі за рулём у нецвярозым стане. Адзін з самых запамінальных — фін, якога нашы супрацоўнікі заўважылі на стаянцы ДАІ. Да ўсіх правапарушальнікаў былі прымененыя законы нашай краіны, і яны былі аштрафаваныя на сумы ад 7,5 да 15 мільёнаў рублёў, а таксама ім цяпер забаронена вадзіць аўто на тэрыторыі нашай краіны цягам трох гадоў”, — радуе прынцыповасцю кіраўнік прэс-службы ДАІ Таццяна Харлінская і заўважае, што ў многіх выпадках супрацоўнікі ДАІ дапамагаюць замежнікам. Зарання рабілі зварот для іншаземцаў, рыхтавалі інфармацыю, каб фанатам хакея было прасцей арыентавацца, рыхтавалі паркоўкі для аўто.

“Вы вельмі радыя гасцям, што ў нас праходзіць чэмпіянат, мы дапамагаем, калі патрабуецца наша дапамога. Зразумела, калі бачна, што чалавек заблукаў, мы дапамагалі зарыентавацца, ставіліся лаяльна. Дапамагалі зарыентавацца на паркоўках, нават адвозілі на асабістых аўтамабілях замежнікаў у бальніцу і да гатэля, калі яны заблукалі. А вось калі парушэнне, тады парушальнікі адказваюць па законах нашай краіны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі