БАТЭ купіў у "Гомеля" паўабаронцу, які забівае галы з 65 метраў (відэа)
24-гадовы Аляксандр Карніцкі пераязджае ў Барысаў пасля заканчэння сезона.
Пра заключаную дамоўленасць паведамляе афіцыйны сайт ФК БАТЭ. Адзначаецца, што перад тым, як патрапіць у вышэйшую лігу, Карніцкі з 2009-га чатыры сезоны адгуляў у першай (за "Баранавічы", "Полацк", "Граніт"). Сёлета цэнтральны паўабаронца з'явіўся ў "Гомелі". У 29 матчах забіў 4 галы і зрабіў 2 выніковыя перадачы.
Пра Аляксандра Карніцкага кажуць, як пра аднаго з самых яркіх дэбютантаў цяперашняга нацыянальнага чэмпіянату. Многім запомніўся яго фантастычны гол з 65 метраў у браму "Тарпеда-БелАЗ" (гл. відэа). Здарылася гэта 7 ліпеня ў матчы 16-га тура чэмпіянату Беларусі ў Жодзіне. Удар Карніцкага з 65-ці метраў застаў знянацку галкіпера гаспадароў поля Уладзіміра Пяцігорца. Ён толькі дацягнуўся да мяча, але перашкодзіць яго патрапленню ў браму не змог. "Гомель" перамог з лікам 3:1.
Дарэчы, відэа фантастычнага гола Аляксандра Карніцкага на Youtube праглядзелі больш за 170 тысяч чалавек.
Фота — fcbate.by, Еўрарадыё