БАТЭ выйграў у "Партызана" ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў (відэа)

18 жніўня на "Барысаў-Арэне" прайшоў матч плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў. БАТЭ з цяжкасцю выйграў у бялградскага "Партызана" — 1:0. У першым тайме была роўная гульня. Больш момантаў стварылі гаспадары поля, але самы небяспечны — госці, выручыў Сяргей Чэрнік.

На 45-й хвіліне за другую жоўтую картку з поля выдалілі Марко Еўтавіча, таму ўвесь другі тайм БАТЭ гуляў у большасці. Праўда, заўважна гэта не было — госці абараняліся вялікімі сіламі, а ў атак барысаўчан не хапала вастрыні. Больш таго, у адной з контратак "Партызан" ледзь не адкрыў лік, і зноў выратаваў Чэрнік.

Пераломны момант адбыўся пасля выхаду на поле Ігара Стасевіча. Менавіта пасля яго падачы з кутняга гол на 75-й хвіліне забіў Міхаіл Гардзяйчук. У далейшым БАТЭ актывізаваўся і спрабаваў штурмаваць браму гасцей. Аднак лік ужо не змяніўся. Ды на апошніх хвілінах сербы атакавалі больш.

БАТЭ гуляў у наступным складзе: Чэрнік, Жаўнерчык, Палякоў, Мілунавіч, Младзенавіч, Алексіевіч, Яблонскі (Сігневіч, 71), Глеб (Бага, 85), Гардзяйчук, Радзівонаў (капітан), М. Валадзько (Стасевіч, 64).

Праз тыдзень каманды сустрэнуцца ў Бялградзе.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўнаму трэнеру "Партызана" Зорану Мілінкавічу задавалі пытанне наконт таго, ці не пашанцавала яго камандзе, што яна прапусціла толькі адзін гол. "Можа, гэта БАТЭ пашанцавала ад таго, што "Партызан" яму не забіў 1-2 галы?", — пытаннем адказаў ён. Мілінкавіч адзначыў, што ў меншасці яго гульцы добра супрацьстаялі гаспадарам поля. Ён сумняецца, што ў арбітра былі важкія прычыны для выдалення Еўтавіча.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі