Беларусь у вайне: як рэжым дапамагае Расіі і нясе новыя пагрозы. Даклад
Эвакуяваныя з паўднёвага ўсходу Украіны дзеці ў Львове 6 сакавіка 2022 года
Слуханні пра ўдзел Беларусі ў вайне прайшлі ў Хельсінкскай камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая працуе пры Кангрэсе.
Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка ангажаваны ў гэтую вайну і якія пагрозы гэта нясе, з боку Беларусі сведчыў Мацвей Купрэйчык, прадстаўнік BELPOL. Акрамя яго перад камісіяй выступалі Габрыэлюс Ландсбергіс, міністр замежных спраў Літвы, і Кацярына Рашэўская, экспертка "Рэгіянальнага цэнтра правоў чалавека".
Лукашэнка зарабляе на вайне
"Без уцягвання дыктатара Лукашэнкі Пуцін не змог бы пачаць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну", — сказаў на слуханнях Мацвей Купрэйчык, прапанаваўшы Камісіі не забываць пра тое, што Лукашэнка — адзін з прадстаўнікоў сусветнага зла.
Лукашэнка павялічыў пастаўку ваенных тавараў у Расію. Паводле звестак BELPOL, Беларусь у 2023 годзе паставіла ў РФ такіх тавараў на 422 млн долараў. За 8 месяцаў гэтага года — ужо на 459 млн долараў.
Таксама Мацвей Купрэйчык папярэдзіў камісію пра тое, што Лукашэнка і Пуцін 6 снежня збіраюцца падпісаць у Мінску дакумент у рамках Саюзнай дзяржавы, тэкст якога атрымаў BELPOL. Гэтае пагадненне дазволіць Расіі размясціць у Беларусі новыя вайсковыя базы, уцягне беларускіх вайскоўцаў у вайну на тэрыторыі Украіны на баку Расіі.
Купрэйчык заклікаў узмацніць санкцыі і дзейнічаць больш аператыўна, падкрэсліўшы, што яны эфектыўна тармозяць ваенную прамысловасць, пазбаўляюць Лукашэнку крыніц заробку і ствараюць Расіі праблемы з узбраеннем.
Гібрыдная атака і спробы падлашчвацца да Еўропы
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс нагадаў, што Беларусь — краіна нумар адзін, якая дапамагае Расіі пазбягаць санкцый.
Ён расказаў Камісіі, як беларускія спецслужбы скіроўваюць патокі мігрантаў да еўрапейскіх межаў. "Гэта гібрыдная атака, або, як мы называем, узброеная міграцыя", — сказаў Ландсбергіс.
“Беларусь — пашырэнне расійскай арміі. Мы павінныя абараніць усходні фланг NATO ад Расіі, бо яны свабодна аперуюць на тэрыторыі Беларусі. Шлях вагнераўцаў з Масквы да мяжы з Літвой заняў каля 8 гадзін", — працягвае Ландсбергіс.
Палітык упэўнены, што Лукашэнка выйграе чарговыя "выбары", і думае, што той пачне падлашчвацца да Еўропы, каб і далей лічыцца легітымным кіраўніком краіны.
"Ён звычайна выкарыстоўвае магчымасць аднавіць адносіны з кім-небудзь. Я ўпэўнены, ён будзе звяртацца да еўрапейскіх краін, магчыма, нават да ЗША. Мы не можам дазволіць яму быць легітымным. Мы павінныя сказаць яму, што працягнем з санкцыямі і ціскам", — настойвае кіраўнік МЗС Літвы.
Украінскіх дзяцей у Беларусі вучаць быць ворагамі свайго народа
Юрыстка "Рэгіянальнага цэнтра правоў чалавека" Кацярына Рашэўская расказала пра злачынства, якое расследуе Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, звязанае з прымусовым перасяленнем дзяцей з акупаваных тэрыторый.
Ёсць звесткі, што бацькоў некаторых з іх запалохалі, што гэта адзіны спосаб і шанец выратаваць дзяцей, або пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў.
Але дзяцей не проста перасялілі. Іх перавучвацюь — у адпаведнасці з наратывамі расійскай і постсавецкай прапаганды.
"Украінскім дзецям забаронена праяўляць сваю нацыянальную ідэнтычнасць і размаўляць па-ўкраінску. Іх украінскае грамадзянства не прызнаецца. Магчыма, найгоршае, што гэтыя дзеці адчуваюць у Беларусі, — гэта мілітарызацыя. Іх вучаць тыя, хто быў уцягнуты ў брутальнае здушэнне пратэстаў у жніўні 2020-га. Дзеці ўдзельнічаюць у вайсковых трэніроўках з удзелам беларускіх спецслужбаў. Іх натхняюць працягваць навучанне ў расійскіх школах і абараняць новую радзіму — Расію. Рэжым Лукашэнкі вучыць украінскіх дзяцей паміраць за краіну, якая на іх напала, з іх зрабілі ворагаў уласнай нацыі".
Рашэўская настойвае, што мілітарызаваная сістэма адукацыі — відавочны знак таго, што Расея і Беларусь не плануюць спыняцца і рыхтуюцца да новай агрэсіі.
Што з гэтым рабіць?
Спікеры просяць сусветную супольнасць сур'ёзна ставіцца да пагрозы, якую нясе Лукашэнка, нягледзячы на яго гульні ў міратворца. І дзейнічаць больш жорстка: і ў плане санкцый, і ў плане міжнароднага правасуддзя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.