Беларуса вызвалілі з рабства ў Свярдлоўскай вобласці Расіі

Вадзім Жалезкі

Вадзім Жалезкі / t.me/alternative_help

33-гадовы беларус Вадзім Жалезкі амаль год правёў у рабстве на ферме ў Свярдлоўскай вобласці Расіі. Вызваліць яго ўдалося з дапамогай актывістаў руху "Альтэрнатыва", паведамляе тг-канал арганізацыі.

У гэтую арганізацыю Жалезкі звярнуўся па дапамогу некалькі дзён таму. Мужчына расказаў, што ў траўні 2023-га прыехаў у Расію на заробкі па запрашэнні швагра. Яму абяцалі працу на пілараме з заробкам у 25 тысяч расійскіх рублёў. Але насамрэч яго прывезлі на ферму, забралі дакументы і паставілі даглядаць кароваў і дапамагаць па гаспадарцы.

За 10 месяцаў працы мужчыну ні разу не заплацілі заробак. А за страчаную карову яго жорстка збілі.

Па беларуса на ферму прыехалі супрацоўнік "Альтэрнатывы", валанцёры і журналісты. Яны выклікалі паліцыю. Нават пасля прыезду паліцыі аддаваць грошы гаспадар фермы не спяшаўся: ён заявіў, быццам частку грошай пералічваў былой жонцы Вадзіма як аліменты, а астатняе пайшло на забеспячэнне яго прадуктамі харчавання і неабходнымі рэчамі. Маўляў, беларус яшчэ і застаўся даўжніком.

Гаспадар фермы вярнуў беларусу дакументы і выдаў грошы на квіток дадому. Мужчына, як паведамляецца, цяпер у бяспецы і бліжэйшым часам зможа вярнуцца дадому.

Дарэчы, Жалязкі расказаў, што на ферме былі і іншыя рабы, у тым ліку нядаўна збіты мужчына, якога завуць Субхон. "Мы звярнуліся з гэтай інфармацыяй да супрацоўнікаў паліцыі. Аднак вынікам былі ўражаныя: унутр на пошукі Субхона нікога не пусцілі, а пасля самастойнай праверкі супрацоўнікі заявілі, што ўсе работнікі там рускія, і нікога з сіняком пад вокам яны не знайшлі", — дзеляцца падрабязнасцямі ў "Альтэрнатыве".

Беларуса вызвалілі з рабства ў Свярдлоўскай вобласці Расіі
Вадзім Жалязкі / t.me/alternative_help

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі