Беларуска "прадала" неіснуючую вопратку амаль 800 пакупнікам
Інтэрнэт, ілюстрацыйнае фота
773 чалавекі сталі ахвярай махляркі, якая называла сябе прадстаўніцай "найбуйнейшага ў Расіі аптова-рознічнага рэчавага рынку". Жыхарка Гродзеншчыны прыдумала схему падману даверлівых беларусаў.
У 2018 годзе яна стварыла ў сацсетцы фіктыўны профіль па продажы моднага адзення, абутку і іншых нехарчовых тавараў. Жанчына спампоўвала з інтэрнэту фатаздымкі рэчаў і публікавала іх у сваім акаўнце, паказваючы заніжаную цану.
На вуду трапіліся сотні чалавек з розных рэгіёнаў краіны. Яны пераводзілі "прадавачцы" перадаплату — ад 50% да 100% ад кошту тавару. Каб атрымаць жаданую рэц за невялікія грошы, людзі пагаджаліся доўга чакаць дастаўку — ад 30 да 40 дзён.
У названы дзень тавар не прыходзіў. Калі нехта з пакупнікоў пагражаў пайсці ў міліцыю, жанчына вяртала яму грошы.
На яе пачалі крымінальную справу за махлярства ў буйным памеры. На маёмасць, купленую падчас злачыннай дзейнасці, наклалі арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.