Беларуска расказала, як некалькі месяцаў была ў "працоўным палоне" ў М'янме

Тайланд (ілюстрацыйнае фота)

Тайланд (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

Беларуска расказала, як некалькі месяцаў была ў "працоўным палоне" ў М'янме. Нядаўна яе вызвалілі пры ўдзеле дыпламатаў РБ, на мінулым тыдні дзяўчына вярнулася на радзіму. Прозвішча яе не называецца.

Беларуска кажа ў гутарцы з БЕЛТА, што працавала ў Кітаі, а ў лістападзе 2023-га перабралася ў М'янму — знайшла "выгадную прапанову" працы менеджарам-кансультантам. Трэба было "мець зносіны з кліентамі па відэа- і аўдыёсувязі, быць прадстаўнікамі кампаніі". Падазрэнняў аб'ява ў дзяўчыны не выклікала, бо "ў Паўднёва-Усходняй Азіі часта плацяць добрыя грошы проста за еўрапейскую знешнасць". А ёй абяцалі добры заробак, паўгадавы кантракт і працу на поўначы Тайланда. "Там шмат зеляніны. Думала: класна! Пагуляю, убачу краіну і буду працаваць!" — расказвае яна.

У выніку грамадзянка Беларусі трапіла ў М'янме на закрытую тэрыторыю, дзе працавалі кампаніі, якія займаюцца махлярствам у інтэрнэце (па шляху да месца прызначэння змянілі тры машыны, пераплылі раку на іржавай маторнай лодцы). "Ты жывеш у гэтым парку, выехаць наогул нікуды не можаш, — расказвае сваю гісторыю беларуска. — Крамка на тэрыторыі ёсць, каб купіць нейкія тавары. Некалькі дзён чакала пачатку працы. Не было ні SIM-карты, нічога".

Там працавалі некалькі махлярскіх кампаній, якія спецыялізаваліся на розных краінах і выкарыстоўвалі розныя схемы махлярства. Задачай дзяўчат было выманьванне грошай у замежнікаў. Для гэтага спецыялісты кампаніі ў сацсетках знаходзілі "ахвяр", выкарыстоўвалі здымкі дзяўчат і за пару дзён ім удавалася закахаць мужчын ў іх. Задачай дзяўчат было пацвердзіць, што яны рэальныя людзі. Яны выходзілі на відэасувязь, маючы тэкст, які трэба гаварыць. Кампанія беларускі "працавала ў асноўным на Амерыку".

За адмову працы ці выказванне незадавальнення чуліся пагрозы. Некаторым дзяўчатам удавалася збягаць пад падставай падаўжэння візы. "Літаральна дзён за пяць да майго пытання з візай адна з дзяўчынак збегла з кампаніяй, прыхапіўшы з сабой яшчэ каля $20 тысяч, — расказвае дзяўчына. — Мне сказалі проста: мы цябе не можам выпусціць, не хвалюйся, ніякай турмы не будзе, мы гэтае пытанне вырашым грашыма".

Быў і яшчэ адзін варыянт з'ехаць з "парку" — выплаціць $9 тысяч "выдаткаў, якія нібыта панесла кампанія". Аднак беларусцы ўдалося звязацца з дыпламатамі РБ, і пачалася "шматхадовая аперацыя па вызваленні дзяўчыны з працоўнага палону".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі