Беларускае войска закупіць 12 верталётаў Мі-8 новай мадыфікацыі

Беларускае войска закупіць 12 верталётаў Мі-8 новай мадыфікацыі. Пра гэта журналістам паведаміў камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Алег Дзвігалёў. Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, верталёты Мі-8-МТВ-5 маюць больш высокія баявыя магчымасці ў параўнанні з той тэхнікай, якая эксплуатуецца ў беларускім войску цяпер.

Шматмэтавы верталёт Мі-8-МТВ-5 прызначаны і для перакідвання падраздзяленняў у любы час сутак, і для агнявой падтрымкі з паветра. На яго можна падвешваць гарматныя ўстаноўкі калібра 23 мм ці бомбы агульнай масай да 2 т. Крэйсерская хуткасць палёту — 230 км/гадз., а дальнасць — 590 км. Машына здольная перавозіць да 4 т грузу ў кабіне і да 5 т на знешняй падвесцы.

Таксама генерал Дзвігалёў паведаміў, што праз два тыдні Беларусь падпіша дамову на закупку яшчэ чатырох самалётаў Як-130 у дадатак да тых, якія ўжо эксплуатуюцца. Раней, у красавіку 2015 года, беларускае войска атрымала чатыры Як-130. Да 2020-га плануецца цалкам замяніць "якамі" самалёты Л-39.

Фота: milrus.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі