Беларускі мастак прадаў карціну Праснякову і Падольскай

Дзеля гэтага Сяргей Чарцілін спецыяльна ездзіў у Маскву падбіраць колер пад інтэр'ер "зорнай" кватэры Усё пачалося з таго, што ў Сяргея Чарціліна была выстава ў Маскве ў галерэі “Пяць зорак”, якая знаходзіцца ў адным з цэнтральных кінатэатраў расійскай сталіцы. Якраз там уначы адбываліся здымкі кліпу — і Падольская з Прасняковым пабачылі працы Чарціліна ды вырашылі набыць адну з іх — “Слонікі”.

Сяргей Чарцілін: "Спачатку мае працы паглядзела Наталля, а потым мы ўжо сустракаліся і з Валодзем, і з Наталляй. Сустракаліся ў мяне дома, у Віцебску, там якраз быў “Славянскі базар”, яны прыязджалі, дык і да мяне зайшлі".

Артысты абмеркавалі з мастаком умовы — і выказалі пажаданне: хочам такую працу, але большых памераў, каб на ўсю сцяну было!

Сяргей Чарцілін: "Сітуацыя такая, што гэтая праца маленькая, а ім трэба было болей, каб на ўсю сцяну. І яны папрасілі мяне пра гэта. Я адказаў, што, вядома, магу, але пажадана паглядзець інтэр’ер, каб дакладней патрапіць з колерамі. Яны кажуць: “Добра, прыязджай да нас у Маскву дадому”. Я пытаюся: як, калі? Кажуць: “Ну, во заўтра прыязджай, ці паслязаўтра. Мы цябе запрашаем”. Ну я і паехаў".

Такія вось зорныя запрашэнні — бяры ды едзь. А як даехаць і дзе жыць у Маскве небагатаму беларускаму мастаку — не зорная гэта справа. Добра, што ў Сяргея ў Маскве была знаёмая, у якой можна было пераночыць.

Сяргей Чарцілін: "Я, праўда, павёз з сабой некалькі працаў — штук восем. А яны набылі толькі адну працу…".

Так Сяргей Чарцілін патрапіў у самы тыл расейскага шоў-бізу — пабачыў, як жывуць зоркі з тэлеэкранаў.

Сяргей Чарцілін:
"Ёсць багатыя людзі, якія лепш за іх жывуць… А ў іх звычайная такая кватэра, ў закрытым, агароджаным гарадочку. Гэта не Рублёўка, не. Нармалёвыя, звычайныя людзі. Каб не ведаў, што іх па тэлебачанні паказваюць — дык і звычайныя людзі".

Зоркі нават не прапанавалі Чарціліну выпіць гарбаты.

Сяргей Чарцілін: "Яны ці то пасля канцэрта былі, ці што — стомленыя такія. Дык я сам не захацеў іх асабліва напружваць. У іх жа як — спачатку “Славянскі базар”, потым Юрмала, потым яшчэ нешта. Ганяюць іх туды-сюды, не хацелася іх напружваць, паразмаўлялі, працу купілі…".

Спыталіся мы ў Сяргея Чарціліна, ці выгадна працы зоркам прадаваць?

Сяргей Чарцілін: "Ну канешне! Нармалёва! Канешне выгадна, так! Хаця, ёсць людзі, хто і яшчэ даражэй могуць за працу заплаціць".

Назваць канкрэтную суму Сяргей Чарцілін так і не захацеў. Кажа, спадзяецца, што яшчэ Пугачовай удасца якую карціну падагнаць.

Сяргей Чарцілін: "Чакаю, мо каму яшчэ спадабаецца — можа, Але Пугачовай?"...

Персанальны сайт Сяргея Чарціліна можна паглядзець ТУТ


Наталля Падольская, Уладзімір Праснякоў, іх сяброўка, Сяргей Чарцілін

У Мінску Сяргей Чарцілін працуе на паўстаўкі ў гімназіі

Працы Чарціліна ў ягонай майстэрні

Карціна Чарціліна пра Мінск

Аб'ёмная праца Чарціліна ў стылі Ван Гога

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі