Беларускія рокеры агучылі філасофскую казку пра зялёную казу

Усё было так: прадзюсар Юлія Кудзіна прыдумала працяг праекту “Дрэва жаданняў” аднаго з вядомых мінскіх банкаў. Згодна з ідэяй Юлі мастачка Ніка Сандрaс намалявала зялёную казу (у гонар сімвала Новага года), але не звычайную — з дрэвам жаданняў на галаве. “Натуральна, што маленькая добрая козачка мусіць несці нешта цудоўнае. Няхай яна нясе гэта цудоўнае на сваёй галаве”, — вырашылі аўтары праекту. У сваю чаргу журналістка Ганна Трубачова напісала філасофскую казку для дзяцей і дарослых “Прыгоды Зялёнай Казы ці адкуль у яе на галаве чароўнае дрэва?” пра тое, як каза выправілася ў вандроўку па свеце, спрабуючы даведацца ў чым жа шчасце і прагнучы навучыцца выконваць жаданні людзей.

“Самай вялікай праблемай пры напісанні было прыдумаць, чаму ў яе расце дрэва з галавы, — прызнаецца Ганна. — Усё астатняе было проста і лёгка, таму што ў мяне дома ёсць спажыўцы казак, якім я не толькі чытаю казкі, але і пастаянна выдумляю. Як журналіст, я працавала са словам максімальна прафесійна, але калі пачула вынік у аўдыёверсіі, я здзівілася, як добра ўсё склалася і “закальцавалася”. То бок, гэта той самы выпадак, калі пішаш не ты, а пішуць за цябе”.

Далей да справы падключылася вядучая Каця Пытлева, якая ўзяла на сябе ролю рэжысёра, прыдумала канцэпцыю і запрасіла агучыць дзею беларускіх рок-зорак: Алега Хаменку, Святлану Бень, Аляксандра Кулінковіча, Віталя Артыста, Анастасію Шпакоўскую, Ганну Хітрык і Міхаіла Зуя. Сама Каця выканала ролю апавядальніка ў спектаклі.

Лідар “Палацу” Алег Хаменка гэтым разам (а Алег не ўпершуню агучвае казкі) сыграў добрага чараўніка:

“Вельмі складана было граць гэтую ролю. Бо калі граеш злога чарадзея, то класна можна адарвацца, а калі добрага, то атрымліваецца такі цвярозы Дзед Мароз. Цяжкавата было і тое, што на рускай мове мне было некалькі нязручна “выступаць”, таму давялося перапісваць свае фразы некалькі разоў”,  — распавядае Алег.

У ролі казы выступіла Ганна Хітрык, жанчыны, якая пячэ хлеб і плача, што ў яе няма дзетак, — Анастасія Шпакоўская. Міхаіл Зуй стаў у казцы архітэктарам, Віталік Артыст — хлопчыкам-летуценнікам, Аляксандр Кулінковіч — капітанам карабля, Святлана Бень — мілай дзяўчынай. Дзяцей сыгралі дзеці з фальклорнага гурта “Рада”. Саўндтрэк да казкі напісаў гурт Hata. Таксама выкарыстоўваліся песні музыкаў, што агучвалі аўдыё-спектакль.

“Мае дзеці — звычайныя сучасныя дзеці, якія глядзяць мульцікі і ўсё астатняе, усе 35 хвілін, якія цягнецца казка, сядзелі і глядзелі ў калонкі. А калі казка скончылася, яны сказалі: “Мама, яшчэ”. Мы яшчэ раз яе паслухалі, і я зразумела, што ёсць нешта чароўнае і ў гуках, і ў сюжэце, і ў задуме”, — рэзюмуе Ганна Трубачова.

Падчас прэм’еры казкі прысутныя дзеці і бацькі ўсё так жа глядзелі на калонкі, светлавую інсталяцыю і дрэва жаданняў, якое стаяла пасярэдзіне галерэі TUT.by і вандравалі з казой па свеце, спрабуючы ўзгадаць свае запаветныя мары. Пазней дрэва жаданняў упрыгожылі дзесяткі рознакаляровых стужак: казка пра казу ўсё ж зрабіла сваю справу. А гурт Hata сваім сэтам прыдаў дзеі чараўніцтва і нагадаў пра Каляды.

У сакавіку аўдыё-казка з галасамі беларускіх зорак з'явіцца на фізічных носьбітах. А неўзабаве яе можна будзе паслухаць і спампаваць у інтэрнэце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі