Беларусы не ўмеюць быць беларусамі? Ды мы ўжо ёсць!

Беларусы не ўмеюць быць беларусамі? Ды мы ўжо ёсць!

На рэкламным фестывалі "Белы квадрат" прадстаўнікі PG Branding Віталь Яцкевіч і Аляксей Сасніцкі заяўляюць, што беларусы не ўмеюць быць беларусамі. У адказ “Фэйсбук” выбухае: што гэта было? Укід ці цвярозы погляд на брэнд з назвай “Беларусь”?

"Беларускі культурны код — як у немаўляці", — працягваюць хлопцы. І далей — пра характэрныя рысы беларусаў: “Талерантнасць, баязлівасць ці абыякавасць?” Нам дастаецца і за тое, што мы няўпэўненыя ў сабе і ў “сваіх”.

Ці сапраўды беларусы такія нягеглыя? Еўрарадыё запыталася пра гэта ў чатырох спецыялістаў па “беларускасці”.

 

Юлія Ляшкевіч: “Беларус сябе адчувае вельмі асобна ад улады”

 

Беларусы не ўмеюць быць беларусамі? Ды мы ўжо ёсць!
Юлія Ляшкевіч — рэкламістка, дызайнерка, ініцыятарка кампаніі “Будзьма беларусамі”. Фота citydog.by

Мяне больш за ўсё ў такіх рэчах бесіць абагульненне. Усе “мы” трэба замяняць на “я”. Калі кожны напіша “я”, і мы ўбачым, што такіх “я” шмат, тады можна рабіць выснову, што з беларусмі рэальна нешта не так.

 

Спрачацца пра тое, што ў нас немаўляцкі культуры код, смешна, бо гэта гаворыць пра элементарную непісьменнасць — некага кепска вучылі ў школе.

Для расіян улада сакральная, яна боская. Для ўкраінцаў улада — тое, за што варта змагацца. А беларусам улада ўвогуле не патрэбна. Беларус сябе адчувае вельмі асобна ад улады. Беларус хоча, каб улада сабе ціха і нармальна функцыянавала, але не перашкаджала яму жыць. Такі сучасны і ўтылітарны падыход.

Беларусам не патрэбная слава, ім патрэбны эфект і вынік.

Мяне некалі пыталі, маўляў, ці не крыўдна, што ўсе пасіянарыі, а мы не. А чаму павінна быць крыўдна? Чаму мусіць быць крыўдна, што беларусы не гатовыя кідаць сябе і сваіх дзяцей у агонь нейкі сутыкненняў? У кожнага свой шлях.

“Ці ўмеем мы быць беларусамі?” А ці ўмее дзіця быць дзіцем? Мы ўжо ёсць! Трэба сябе любіць такімі, якімі мы ёсць. Увогуле, мы вельмі класныя!

 

Максім Жбанкоў: “Беларускасць” — гэта выклік, гэта нестабільнае поле магчымасцяў

 

Беларусы не ўмеюць быць беларусамі? Ды мы ўжо ёсць!
Максім Жбанкоў — культуролаг

У свой час Валянцін Акудовіч сказаў, што Беларусь — гэта постамадэрновы праект Бога. Мне гэтая фармулёўка вельмі падабаецца, бо я лічу, што “беларускасць” — гэта адкрыты праект. Гэта выклік, гэта нестабільнае поле магчымасцяў, якое ўвесь час мяняецца.

Беларускасць — гэта пэўны стан свядомасці, і ён праяўляецца незалежна ад мовы, якой мы карыстаемся. Гэта стан партызанскага манеўравання, лёгкага партызанскага руху, як кажа мастак Ігар Цішын. Гэта тактыка самазахавання і самаадбудовы ў неспрыяльных умовах.

Нулявым, ці немаўляцкім культурным кодам валодае той, каму, па-першае, больш не трэба, па-другое, той, у каго няма стымулаў больш ведаць і рухацца далей, і, па-трэцяе, той, каму не баліць. Бо той, каму баліць за краіну, за яе лёс, за тое, што ёсць і што будзе, ніколі такога не скажа альбо заўсёды знойдзе, што адказаць на падобныя рэплікі.

 

Лявон Вольскі: “Памяркоўнасць — маскіроўка, выпрацаваная стагоддзямі прыгнёту”

Беларусы не ўмеюць быць беларусамі? Ды мы ўжо ёсць!
Лявон Вольскі — рок-музыка

Не трэба ўмець быць беларусам, трэба проста быць беларусам і спрыяць таму, каб беларусы былі беларусамі. І ўсё.

Як толькі знікла рыторыка, што мы частка адзінай славянскай сям’і і “рускія са знакам якасці”, адразу са ўсіх шчылінаў палезла чамусьці беларускасць. Гэта ж не проста так.

Я не бачу нейкіх маналітных рысаў нацыі. Наша памяркоўнасць — такі ж міф, як і рахманасць і талерантнасць. Любая нацыя гэта можа сказаць пра сябе. Я не сказаў бы, што апошнія некалькі дзесяцігоддзяў беларусы нейкія талерантныя. Наадварот. Можа гэта інтэрнэт так іх разбэсціў, калі можна нешта казаць і не паказвацца. А памяркоўнасць, магчыма, — увогуле маскіроўка, выпрацаваная стагоддзямі прыгнёту і войнаў.

Хтосьці толькі фарміруецца, а хтосьці ўжо круты. Я вось круты (смяецца). Нейкая частка народу фарміруецца, бо ёй не давалі гэтага рабіць напоўніцу. Яна вечна фарміруецца, бо сфармавацца ёй не даюць розныя абставіны: то Савецкі Саюз, то царская расійская імперыя, то цяперашняе кіраўніцтва. Але гэта справа, думаю, некалькіх гадоў.

 

Стась Карпаў: “Многія беларусы — носьбіты гістэрыкі, аформленай у пазіцыю”

Беларусы не ўмеюць быць беларусамі? Ды мы ўжо ёсць!
Стась Карпаў — публіцыст, фэйсбук-блогер. Фота citydog.by

У нармальнага народа, у якога не было ніякіх траўмаў, не атрымліваецца быць па-за кантэкстам свайго народа, таму што кантэкст вельмі выразны. Але паколькі ў беларусаў вельмі спецыфічная гісторыя, у тым ліку гісторыя дэнацыяналізацыі, якая гвалтоўна праводзілася цягам чатырохсот гадоў, у нас выпрацавалася вялікая колькасць нацыянальных комплексаў. Таму ў нас сітуацыя не зусім стандартная.

Мы не тое, што ўмеем ці не ўмеем быць беларусамі. Мы па-рознаму рэагуем на саміх сябе і на праявы сябе. Адны рэагуюць нармальна, другія — саромеюцца. Тут пытанне не ў тым, ці ўмеем мы. Мы па-іншаму не ўмеем! Важна, як мы гэта асэнсоўваем.  

Ёсць харошы выраз пра “перавытворчасць рэчаіснасці”. Гэта гістэрычнае светаўспрыманне, якое праяўляецца ў тым, што для чалавека заўсёды рэчаіснасць больш выпуклая, чым ёсць на самой справе. Такая гістэроіднасць характэрная для многіх беларусаў. Яны з’яўляюцца не носьбітамі інтэлектуальнага выказвання, а носьбітамі вербалізаванай гістэрыкі, аформленай у пазіцыю. Але гэта не пазіцыя, а псіхалагічны стан, памножаны ці падзелены на заглыбленасць у кантэкст.

Беларусы, як дзеці асяродку, у якім яны апынуліся, для мяне характарызуюцца тым, што ў іх вельмі хутарская свядомасць. У Анемпадыстава вельмі добра было сфармулявана гэта ў песні “Я здаецца не тут, я здаецца не там, я да жалю не пан, я да шчасця не хам, я твайго не вазьму і свайго не аддам”. Гэта свядомасць, калі чалавек досыць добразычлівы, лагодны, спакойны, разважлівы, але яму патрэбна свая ўласная прастора, адлегласць, у якую ён нікога не пускае. Гэта вельмі канкрэтная мяжа паміж сабой і калектывам.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі