Безкаравайны: Галоўнае развіццё адбываецца ў межах незалежнай культуры
Вядомы музычны эксперт разважае пра прычыны застою ў поп-музыцы, падсумоўвае беларускія музычныя прэміі і прадракае чарговы правал на “Еўрабачанні”.
“Піяр, рэклама, усё, што заўгодна працуе, калі ёсць якасны прадукт”
Еўрарадыё: Пачнём з “Еўрабачання”. Ужо сёння Алёна Ланская выйдзе на сцэну ў першым паўфінале. На твой погляд піяршчыка, ці ўлічылі сёлетнія арганізатары беларускага выступу памылкі і пралікі, з якімі ні раз сутыкаліся нашы выканаўцы?
Зміцер Безкаравайны: Мне здаецца, што яны дагэтуль не ўлічваюць адзін галоўны пралік — нельга зрабіць нешта з нічога. Піяр, рэклама, усё, што заўгодна — гэта працуе, калі прадукт якасны, калі яго можна зрабіць яшчэ лепшым. Але калі ад пачатку артыст, які, як мне падаецца, нікому асабліва не цікавы, ад пачатку матэрыял вельмі спрэчны, з гэтым нічога добрага зрабіць амаль немагчыма. Гэта відавочна.
Еўрарадыё: То бок, чарговы раз Беларусь чакае правал?
Зміцер Безкаравайны: Мяркую, што так. Гэта такая ж гісторыя, як з "Нацыянальнай музычнай прэміяй", і з усім астатнім. На жаль, гэта ўсё вельмі сумна.
Топ-10 удзельнікаў “Еўрабачання” па меркаванні букмекераў
Еўрарадыё: З леташніх герояў, атрымальнікаў музычных прэмій, хто можа даць рады на “Еўрабачанні”?
Зміцер Безкаравайны: Па выніках гэтага года можна лёгка адпраўляць “Серебряную свадьбу” і, мне здаецца, гэта было б выдатна. У тых жа Nuteki, якія занялі 2-е месца ў непразрыстым беларускім адборы, мог бы быць сапраўды добры нумар, удалы выступ, і яны б дасягнулі іншых вынікаў.
“Трэба ўзрошчваць культуру прэмій”
Еўрарадыё: Сёлета і ў Беларусі прайшло шмат музычных прэмій. Да ўжо вядомых “Experty.by”, “Тузін Гітоў”, “Ultra-Music Awards” далучаюцца “Даём рады” ад Еўрарадыё і “Rock Profi”. Каму найперш патрэбныя падобныя падзеі: музыкам, журналістам ці публіцы?
Зміцер Безкаравайны: На мой погляд, прэміі патрэбныя ўсім. Таму што, з аднаго боку, мусяць быць пэўныя механізмы, пэўныя пляцоўкі, праз якія публіка даведваецца пра музыку, на якую трэба звяртаць увагу. Музыкам гэта таксама патрэбна, бо ўзнагароды — гэта магчымасць ацаніць свае поспехі, атрымаць дадатковую матывацыю і новыя магчымасці для прасоўвання свайго гурта. Ну і, зразумела, прэсе гэта патрэбна для таго, каб было пра што пісаць.
Еўрарадыё: Наколькі аўтарытэтныя беларускія прэміі?
Зміцер Безкаравайны: Для музыкаў гэта заўжды найпершае пытанне. Але ж зразумела, што ніякая беларуская прэмія, якія мы цяпер назіраем, і якія ўяўляюць сабой сапраўды парад ідэй, ні праз 10, ні праз 20 гадоў не будзе канкураваць з “Grammy” ці іншай вялікай заходняй прэміяй. Іх робяць асацыяцыі гуказапісвальнай індустрыі, у якія ўваходзяць моцныя лэйблы, студыі і гэтак далей. У нас лэйблы не паспелі сфарміравацца да надыходу эры інтэрнэту, студыі маленькія. То бок, няма падмурку для ўзнікнення вялікіх прэмій, у тым ліку, фінансавага.
Таксама зразумела, што беларускія музыкі, як і ўсе музыкі свету, хочуць быць узнагароджанымі менавіта там. Але шанцаў, што хоць нехта з іх заўтра там апынецца, вобмаль. Таму мы маем два варыянты. Першы — не рабіць нічога, і няхай сабе будзе як будзе. Але мы пры гэтым мы павінны разумець, што ніхто за нас, беларусаў, корпацца ў беларускай музыцы не будзе. Другі — рабіць свае прэміі, якія паступова будуць набіраць вагу. Я лічу, што трэба ўзрошчваць культуру прэмій, каб, усё ж, і ў нас хаця б праз 30 гадоў з’явіліся свая “Grammy”. Бо насамрэч вялікая прэмія — гэта не толькі справа бюджэту. Гэта справа культуры. Калі ёсць алгарытм, на падставе якога досыць аб’ектыўна прысуджаюцца прэміі, калі ёсць зразумелыя крытэрыі, зразумелае журы, калі фарміруецца аўтарытэт у публікі. Нават тое, як музыкі прымаюць прэміі, — гэта таксама частка культуры.
Еўрарадыё: А чаму, напрыклад, “Нацыянальная музычная прэмія” не цягне на галоўную ўзнагароду краіны?
Зміцер Безкаравайны: Нацыянальная музычная прэмія — гэта вялікі праект, які паказваюць па тэлебачанні, за перамогу на якім людзі атрымліваюць грошы. Але праблема ў іншым. Любая нармальная прэмія мае сур’ёзны падыход да вызначэння пераможцаў. І пачынаецца гэта не проста на ўзроўні вызначэння пераможцаў, а на тым, як будуецца прэмія. Калі зразумела хто дае, за што дае, чаму дае, хто ўваходзіць у склад журы. А склад журы леташняй “Нацыянальнай музычнай прэміі” абвясцілі толькі на цырымоніі. І там, здаецца, з 12 чалавек шасцёра наогул не мелі дачынення да музыкі, а астатнія шасцёра — вельмі спрэчныя персоны, каб мець сур’ёзнае, абгрунтаванае меркаванне пра сучасную музыку. Больш гэта нагадвала тэатр абсурду.
“Мы сапраўды змянілі меркаванне шэрагу музыкаў”
Еўрарадыё: Калі гаварыць пра прэміі, да якіх ты маеш асабістае дачыненне: “Experty.by” і “Rock Profi” — ці задаволены ты іх вынікамі?
Зміцер Безкаравайны: Па “Экспертах” усё наладжана і працуе як след. Узнікаюць толькі ўскосныя пытанні. Напрыклад, мы штогод падкрэсліваем, што ў нас 4 галоўныя ўзнагароды. Той альбом, які забярэ большасць з іх, і ёсць найбольш паспяховым. Гэтым разам 2 узнагароды забрала “Серебряная свадьба”, адну — Зміцер Вайшюшкевіч. Але яго ўзнагарода называлася “Альбом года” па версіі штатных экспертаў, таму ўсе і напісалі: “Ваячак” Вайцюшкевіча — альбом года”. У мінулыя гады такой праблемы не было, таму што так супадала, што “Альбом года” акурат ішоў таму, хто перамагаў у большасці намінацый. А тут апынулася наадварот. Мы не сталі карэктаваць гэтую недакладнасць, аднак у наступным годзе карэктывы нейкія ўнясем.
Еўрарадыё: Ну а “Rock Profi”? Ці атрымалася зацікавіць музыкаў альбомамі адно аднаго?
Зміцер Безкаравайны: Рэакцыя на прэмію сапраўды станоўчая. І па водгуках у прэсе, і па водгуках ад музыкаў. Мэта прэміі была ў тым, каб музыкі паслухалі адзін аднаго. То бок, не толькі, вызначыць пераможцу, а стымуляваць працэс таго, каб усе ведалі, хто што робіць. Цяпер мы нават зладзілі апытанне “Ці змянілася ваша меркаванне пра беларускую музыку ў выніку праслуханага вамі падчас галасавання?”. Было 3 варыянты адказу: “Так”, “Не змянілася” і “Пагоршылася”. Больш за палову музыкаў адказалі, што змянілася ў лепшы бок. То бок, узнагароды маюць сэнс не толькі на тэарэтычным узроўні, але і на ўзроўні таго, што мы сапраўды змянілі меркаванне шэрагу музыкаў — а гэта досыць вялікая колькасць, бо ў журы было 57 артыстаў — гуртоў і сольных выканаўцаў. Для мяне вось гэта галоўны вынік узнагароды.
Rock Profi: паліткарэктныя разборкі музыкаў
Еўрарадыё: Ці не зашмат атрымліваецца музычных прэмій на адну маленькую Беларусь?
Зміцер Безкаравайны: Я за тое, каб было шмат прэмій па розных крытэрыях, з рознымі журы, з рознымі арганізатарамі. І каб было зразумела, выпадкова на той ці іншай прэміі нехта патрапіў у лік пераможцаў, ці не. Якраз па выніках 4-5 прэмій, якія прайшлі ў гэтым годзе, больш-менш бачна, хто ў лідарах, а хто не дацягнуў.
Ёсць добры гурт Clover Club, які выдаў год таму альбом. Пра гурт у пэўнай невялікай тусоўцы ўсе ведалі. Але не больш за тое. І калі параўнаць статус і вядомасць гурта на пачатку 2013 года і тое, што мы маем цяпер, дзякуючы акурат таму, што яны прагучалі на гэтых прэміях, гэта вялікая розніца. Зразумела, што гэта нічога ім не гарантуе. Гэта не значыць, што на наступным канцэрце яны збяруць замест 100 чалавек 500. Гэта не значыць, што яны адразу будуць мегапапулярнымі, як гэта было б у выпадку з “Grammy”. Але цяпер іх новы матэрыял паслухае больш людзей, да яго будзе больш увагі з боку СМІ. Ім будзе лягчэй прасоўваць сябе. Але шмат што будзе залежаць ад іх саміх.
“Рок-каранацыя” засталася ў 1990-х
Еўрарадыё: Што мы страцілі разам з “Рок-каранацыяй”, якой сёлета не было? Ці магла б яна стаць пры найлепшым раскладзе беларускай “Gramy”?
Зміцер Безкаравайны: Усе прэміі, якія праходзяць цяпер, працягваюць традыцыі “Рок-каранацыі”, нават калі ідэалагічна не маюць да яе ніякага дачынення. Гэта была першая незалежная музычная прэмія ў Беларусі, якая сапраўды зрабіла шмат. Але трэба разумець, што калі пачыналася “Каранацыя”, былі зусім іншыя ўмовы. Мне распавядалі, што ў тыя часы наогул і музычных журналістаў амаль не было, каб зрабіць апытанне, і нават не было з каго скласці сур’ёзнае журы, што стала магчымым на пачатку 2000-х. То бок, прэмія спачатку праходзіла ў пустэчы — нічога ўвогуле іншага не было, і гэта было крута. “Рок-каранацыі” трэба было развівацца. Яе арганізатары спрабавалі гэта рабіць, але не заўсёды ўдала. І ў выніку яна так і засталася ў 1990-х — проста не здолела адпавядаць патрабаванням часу. І таму згасла.
Еўрарадыё: Але арыентацыя на рок-музыку давала прэміі моцную ідэалагічную глебу.
Зміцер Безкаравайны: На гэта можна і па-іншаму паглядзець. Арганізатары прэміі самі сябе прывязалі да музычнай нішы беларускамоўнага року 1990-х. Гэта відавочна. Як толькі гэтая плынь пачала адыходзіць, рэйтынгі “Каранацыі” пайшлі ўніз. Пры гэтым, перад імі заўсёды стаяла пытанне “адбіць” грошы, што з’яўляецца цяжкім і небяспечным момантам для прэмій. Ты адначасова спрабуеш рабіць прэмію, якая мае нешта адлюстроўваць, і рабіць пры гэтым камерцыйны канцэрт. Сумясціць гэта, на мой погляд, нармальна немагчыма. Таму “Рок-каранацыю” цяпер нават няма сэнсу адраджаць.
“Поп-артысты ў Беларусі працуюць для аўдыторыі, якая не цікавіцца музыкай”
Еўрарадыё: Два гады запар на ўзнагародах “Experty.by” адсутнічае намінацыя “Лепшы поп-альбом”. Чаму так адбываецца?
Зміцер Безкаравайны: Справа ў тым, што поп-артысты ў Беларусі працуюць цалкам для аўдыторыі, якая не цікавіцца музыкай. Гэта вельмі істотны момант. Яны працуюць на пазнавальнасць. Таму для іх галоўнае — “свяціцца” на тэлебачанні, круціцца па радыё і граць карпаратывы, бо канцэрты па квітках ім не прыносяць патрэбных грошай. Больш-менш андэграўндныя артысты, як мне здаецца, цікавяць слухачоў менавіта сваёй музыкай. Менавіта яны прадукуюць музыку, запісваюць музыку, граюць канцэрты. Для іх гэта прыярытэт.
Еўрарадыё: А што з аўдыёзапісамі? Ці зарабляюць эстрадныя артысты за іх кошт?
Зміцер Безкаравайны: Поп-артысты выдаюць альбомы раз на 4-5 гадоў, як, напрыклад, Лёша Хлястоў. Гэта адлюстроўвае сітуацыю — поп-музыка быццам закансервавалася. Стан рэчаў імкліва змяняўся пачынаючы з 2003 года, калі ўвялі 75 адсоткаў. Потым яшчэ гады тры быў уздым. А далей, калі ўсё ўжо адкруцілася разоў па 20, і новага матэрыялу стала не хапаць, то рэйтынгі радыёстанцый пачалі падаць і зафіксавалася пэўная іерархія. Лідараў — такіх, як Афанассеву, Дарафееву, Хлястова, “Топлес” гэта задавальняе. Я не памятаю, калі ў гурта “Топлес” быў апошні хіт. Мабыць, з 2005 года, калі была песня “Периферия”, якую дагэтуль усе памятаюць, нічога не было такога яскравага. Прайшло 8 гадоў. Дзе хіты?
Пры гэтым, і цяпер “Топлес” — нібыта самы папулярны жаночы праект Беларусі. А чым яны жывуць? Гэта ж немагчыма, каб у нармальным свеце музыка не выдаў ніводнага хіта, але быў у лідарах поп-музыкі!
Здзіўляе тое, што пры гэтым моладзь, якая спрабуе сябе на ніве поп-музыкі, чамусьці займаецца капіяваннем таго, што робяць прызнаныя лідары. Яны робяць усё тую ж беларускую эстраду. Калі я прынёс песні гурта IOWA на беларускія радыёстанцыі — усе ўзялі з вялікім захапленнем. Радыёстанцыі гатовыя ставіць у эфір нешта іншае, цікавае, зробленае ў папулярным жанры.
Еўрарадыё: Няўжо сапраўды больш нічога свежага не з’яўляецца?
Зміцер Безкаравайны: Яшчэ ёсць Макс Корж. Да яго музыкі можна ставіцца па-рознаму, таму што мастацкі ўзровень не вельмі высокі. Але яна значна больш сучасная, чым уся наша поп-сцэна. Дзякуючы гэтаму, звычайны хлопец сабраў Палац спорту, а з усёй нашай беларускай эстрады такое можа зрабіць толькі Аляксандр Саладуха, які працуе на сцэне не адно дзесяцігоддзе. Гэта паказчык таго, што іншыя ідэі, якія адпавядаюць густам моладзі ці масавай публікі, могуць зрабіць цябе больш папулярнымі, чым песні ў старым рэчышчы, напрацаваным мэтрамі і ратацыямі на радыё. У Каржа галоўныя песні, самыя папулярныя, амаль не круціліся па радыё. Ён прайшоў менавіта праз народ і інтэрнэт. І гэта такі званочак.
Еўрарадыё: Дык усё ж, што адбываецца з беларускай музыкай, калі добрай поп-музыкі няма, але і року афіцыйна нібыта не існуе?
Зміцер Безкаравайны: Галоўнае развіццё адбываецца ў межах незалежнай культуры, якая змяшчае і рок. Калі 10-15 гадоў таму было 5 гуртоў, якія збіралі залы на 500 чалавек, то цяпер такіх гуртоў — мінімум 10-15. І ёсць гурты, якія лёгка збіраюць тысячу, і некалькі разоў на год. Рух наперад ёсць. Расце цікаўнасць да беларускай музыкі. І расце яе якасць, пра што сведчаць таксама водгукі замежных экспертаў, якія бяруць удзел у нашым апытанні па выніках году ў межах “Экспертаў”.
Калі 5 гадоў таму, калі мы пачыналі, усе ведалі “Троіцу” ды “Ляпісаў”, цяпер дакладна ведаюць і “Серебряную свадьбу”, і Port Mone, і “Кассиопею” і іншых. Ёсць рэзананс і станоўчая рэпутацыя беларускай незалежнай музыкі за мяжой. Ёсць пэўныя поспехі. Можна прыгадаць The Toobes ў Польшчы, сумесны праект Port Mone і “ДахаБраха” ва Украіне. То бок, для нас унутры краіны, можа, гэта і незаўважна, але калі параўнаць імідж беларускай музыкі за мяжой, які быў 10 гадоў таму (яго, лічыце, складалі раннія “Ляпісы” і “Лепрыконсы”) і цяпер — гэта вялікая розніца.