Experty.by: “Наша мэта — якасная публіка”
Сайт-энцыклапедыя сучаснай беларускай музыкі адзначае пяцігоддзе. У скарбонцы экспертаў — 370 адрэцэнзаваных альбомаў.
Пачыналася ўсё ў 2007 пасля прэс-канферэнцыі БДА “Песняры”, якія выдавалі свой першы дыск. Куратар праекта Зміцер Безкаравайны прапанаваў журналістам стварыць базу дадзеных пра сучасную беларускую музыку. З рэцэнзіямі і інфармацыяй пра ўсе афіцыйныя рэлізы краіны.
“Склад штатных экспертаў вызначаўся на фактычным узроўні, — узгадвае Зміцер Безкаравайны. — То бок, экспертамі рабіліся тыя, хто быў гатовы пісаць шмат рэцэнзій за ідэю. Мы запрашалі і Сяргея Маліноўскага, і Таццяну Заміроўскую, але ў іх не атрымлівалася па часе. Таму яны ў нас былі сярод пазаштатных экспертаў. Ну і, дзесьці праз паўгода пасля вызначэння складу, мы запусцілі праект”.
Сёлета да чатырох штатных крытыкаў (Змітра Падбярэзскага, Сяргея Будкіна, Алега Клімава ды Змітра Безкаравайнага) дадаліся Аляксандр Чарнуха (сайт Ultra-Music) і Ягор Цывілька (блог Broken CD). Дарэчы, падлічана, што самы суровы крытык — Алег Клімаў. У суме ён паставіў дыскам усяго 2179 балаў. На другім месцы Зміцер Безкаравайны — 2250. А самымі лагоднымі экспертамі пяцігодкі сталі Сяргей Будкін (2302) і Зміцер Падбярэзскі (2312).
“Наша мэта — якасная публіка, якой цікавая музыка, а не плёткі, — разважае Зміцер Безкаравайны і робіць своеасаблівую выснову. — На сёння мы маем 600-700 унікальных наведвальнікаў на дзень. На маю думку, для сайта такога фармату гэта нармальна”.
На сайце Experty.by размешчаныя рэцэнзіі на 370 дыскаў. У аўдыёархіве сайта для онлайн-праслухоўвання даступныя 212 рэлізаў. Самы высокі бал ад штатных крытыкаў атрымаў альбом "Зімачка" этна-трыа "Троіца" — 9,50. Больш (9,75) — толькі ў першага альбома "Песняроў", які эксперты разглядалі ў межах спецпраекта "Галоўныя альбомы". На супрацьлеглым баку знаходзіцца альбом поп-спявачкі Лючаны "Улечу", які атрымаў толькі 1,5 бала з 10.