Сайт Experty.by змяняе склад штатных крытыкаў

У 2014 годзе склад “пастаяннай калегіі” Experty.by зноў вяртаецца да чатырох чалавек. Алег Клімаў ды Зміцер Падбярэзскі захоўваюць статус айцоў-заснавальнікаў праекта і пераходзяць у шэраг пазаштатных крытыкаў.


“Цяпер у межах штатных экспертаў будуць больш маладыя меркаванні, а на варце традыцый будуць стаяць пазаштатныя эксперты і вялікае журы, — тлумачыць рашэнне кіраўнік праекту Зміцер Безкаравайны. — Сярод штатных экспертаў цяпер засталіся два 25-гадовыя крытыкі і два 35-гадовыя. То бок, ідзе абнаўленне сярод музыкаў, а адпаведна, яно павінна адбывацца і сярод крытыкаў. Мне падаецца, гэта цалкам лагічным!”


Пры гэтым, Зміцер адзначае, што не лічыць прадстаўніком моладзі ні сябе, ні Сяргея Будкіна. Таму праз пэўны час мусіць адбыцца і яшчэ адно “амалажэнне” штатнікаў. Але прэтэндэнтаў не называе, маўляў, яны яшчэ мусяць папрацаваць і набрацца досведу.


Такім чынам, у сезоне 2014 штатнымі крытыкамі Experty.by застаюцца Александр Чарнуха (рэдактар сайта Ultra-Music), Ягор Цывілька (блог Broken CD), Сяргей Будкін (стваральнік сайта Tuzin.fm) ды ўласна Зміцер Безкаравайны.


Склад пазаштатных экспертаў пакуль удакладняецца і будзе абвешчаны пазней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі