"Балгары захапляюцца...": як намі спрабуюць маніпуляваць пры дапамозе каментароў
Бачыце матэрыял "Жыхары той ці той краіны выказаліся пра гэта ці гэта"? Хутчэй за ўсё, ён зроблены па "метадычцы " / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Немцы абсмяялі візіт Бербак у Харкаў", "Балгары захапляюцца фантазіяй амерыканцаў у сітуацыі з Украінай" — падобныя загалоўкі можна ўбачыць у расійскага "РИА Новости", а ўслед за ім — у мностве іншых рэсурсаў. Падобныя матэрыялы пачалі выстаўляць і беларускія дзяржаўныя медыя. Навошта гэта робяць і як — чытайце ў нашай новай серыі артыкулаў "Метадычка".
Немцы крытыкуюць…
Жанр "як каментуюць артыкулы" прыйшоў на змену вулічным апытанням: такія матэрыялы з'яўляюцца хутчэй і наогул гэта патрабуе куды менш выдаткаў. Зайшоў у сацыяльныя сеткі або ва ўкладку "каментары" пад чужымі матэрыяламі, выбраў цікавае — і матэрыял гатовы.
У выніку на мільённую аўдыторыю можа выйсці тэкст, як ужо згадвалася, пра немцаў, якія нібыта высмейваюць кіраўніка МЗС Аналену Бербак за візіт у Харкаў. У самім артыкуле — сапраўдныя цытаты каментароў, якія незадаволеныя тым, што міністарка паехала ва Украіну, і "жартуюць" пра палітыку, якую праводзяць "зялёныя".
Для напісання артыкула "РИА Новости" хапіла сем каментароў пад артыкулам Die Welt, хоць пад матэрыялам іх дзясяткі. Але працытаваныя — прайшлі спецыяльны адбор. Лагічна, каментары у духу "Малайчына, міністр замежных спраў. Правільна і важна паказаць сваю прысутнасць" не выкарыстоўваліся, хоць іх і нямала.
Пасля стараннага адбору каментароў можна стварыць уражанне, што так адлюстроўваецца меркаванне большасці немцаў, якія нібыта супраць падтрымкі Украіны. Гэта відавочна не так: усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што жыхары Германіі на баку Кіева.
Калі пагартаць каментары пад пастамі Еўрарадыё ў тэлеграме, зрэдку можна знайсці і тых, хто выказваецца ў падтрымку дзеянняў беларускіх сілавікоў. Карыстаючыся методыкай расійскіх і беларускіх прапагандыстаў, можна было б напісаць навіну "Беларусы падтрымліваюць сваіх праваахоўнікаў і высмейваюць апазіцыю". Падобна на праўду? Вось жа што.
… А балгары захапляюцца
Навошта ствараюцца такія матэрыялы? Тут выконваецца адразу некалькі задач. Па-першае, артыкуламі ў духу "Балгары ў захапленні ад расійскіх аўтамабіляў" можна падтрымліваць імідж і пераконваць нязгодных: бачыце, у нас ёсць пацверджанне звонку, вы таксама павінны так думаць. Іншая функцыя: падтрымліваць перакананні тых, хто ўжо думае "ў правільным ключы" — для іх таксама трэба перыядычна шукаць пацверджання.
Нарэшце, трэцяя функцыя: самі каментары. Нельга сказаць, што ўсе падобныя адказы пад матэрыяламі замежных СМІ пакідаюць боты, але ёсць такія акаўнты, якія прапагандысты цытуюць на пастаяннай аснове. І, калі паглядзець, якія каментары яны пакідалі, усё больш-менш аднаго тыпу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.