"Больш карысці ці шкоды?": у ПВТ падаткі ніжэйшыя, але эканоміка не пацярпела
Парк высокіх тэхналогій / БЕЛТА
IT-сфера і Парк высокіх тэхналогій у прыватнасці застаюцца адным з апошніх пунктаў росту беларускай эканомікі. Праз нестабільнасць правілаў гульні і пастаянныя пагрозы ён можа канчаткова перавандраваць у іншыя краіны.
У пасланні да беларускага народа Лукашэнка расказаў, што задумаўся: "ПВТ прыносіць больш карысці ці шкоды?.. Ці не прыйшоў час паставіць нашых айцішнікаў у роўныя ўмовы?"
Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам і даведалася, у чым жа шкода ПВТ, чаму ўклад IT у папаўненне казны большы, чым афіцыйныя лічбы, і чаму айцішнікі маглі самі прасіць падвышэння падаткаў.
Эканамічнай шкоды няма
Старшы навуковы супрацоўнік BEROC (Кіеў) эканаміст Леў Львоўскі падкрэслівае, што эканамічнай шкоды ад ПВТ няма. Ёсць толькі сур'ёзныя плюсы.
— Гэта галіна, якая хутка расце і стварае працоўныя месцы з высокімі заробкамі.
Акрамя базавай эканамічнай карысці, ёсць і іншыя важныя выгады. Напрыклад, за кошт таго, што IT — сучасная сфера, якая хутка расце, яна можа працаўладкоўваць работнікаў з іншых галін, якія памяншаюцца і звальняюць работнікаў.
Яшчэ адзін плюс — валютная выручка.
— Яна для нас важнейшая, чым проста выручка. Яна дапамагае выплачваць дзярждоўг і падтрымліваць абменны курс рубля. Трэцяя асаблівасць гэтага сектара: ён, з аднаго боку, нічога не патрабуе, з другога боку, вельмі мабільны.
Краіны вакол Беларусі тэрміновым чынам пачалі развіваць у сябе аналагі ПВТ. Таму што кожная краіна хоча займець сектар, для якога не патрэбны неймаверныя інвестыцыі ў інфраструктуру.
Калі стварыць людзям камфортныя ўмовы, то ў краіну будуць прыязджаць адукаваныя маладыя кадры, падкрэслівае эканаміст. А старэнне насельніцтва — актуальная праблема для Еўропы. Таму там беларускіх айцішнікаў чакаюць.
Траціна росту ВУП і 2,2% усіх падаткаў — гэта шмат?
Па выніках 2021 года беларуская эканоміка вырасла на 2,3%. З іх 0,7 адсоткавага пункта ўнесла сфера інфармацыі і сувязі. Большы ўклад толькі ў прамысловасці — 1,6 адсоткавага пункта, паведамляе Белстат. На думку Льва Львоўскага, калі б не палітычны крызіс і адток кадраў, уклад IT быў бы яшчэ большы.
— 0,7 адсоткавага пункта — гэта вельмі шмат, улічваючы, што ў гэтым сектары працаўладкавана нашмат менш за адзін адсотак насельніцтва Беларусі. Нават у такі паспяховы для нашай прамысловасці год IT забяспечылі траціну росту, — кажа Леў Львоўскі.
У 2021 годзе толькі рэзідэнты ПВТ заплацілі ў бюджэт 736 млн рублёў падаткаў. Гэта 2,2% ад усіх падатковых паступленняў. Напрыклад, сельская гаспадарка адлічыла толькі 682 млн рублёў.
Эксперт адзначае, што з улікам ільгот выплаты аказаліся нашмат меншымі, чым заплаціў бы звычайны работнік. Аднак нельга адкідаць ускосныя падаткі (акцызы, ПДВ) і той факт, што высокія даходы айцішнікаў моцна дапамагаюць бізнесам у сферы паслуг.
— Тут ёсць важны мультыплікатарны эфект. Калі айцішнік п'е піва, ён плаціць акцыз. Калі купляе машыну, плаціць падатак і гэтак далей. Калі вывезці ўсіх айцішнікаў з краіны, эканоміка зменшыцца не на два адсоткі, а нашмат больш.
Так, яны апынуліся ў прывілеяваным становішчы менавіта праз тое, што ім лягчэй выехаць у іншую краіну. Жыццё несправядлівае. Можна сказаць: "Хай плацяць 50 адсоткаў падаткаў, як астатнія". Тады яны проста паедуць працаваць туды, дзе ім будуць прапаноўваць плаціць па пяць адсоткаў або менш, — кажа Леў Львоўскі.
"Ідэя падвышэння падаткаў ідзе ад айцішнікаў"
Улады, як ні дзіўна, турбуюць не недаплачаныя айцішнікамі падаткі, а менавіта "нядобранадзейнасць" IT-спецыялістаў у палітычным плане. Менавіта яны каардынавалі пратэсты і "ўрываліся" на вуліцы, перакананы Лукашэнка.
На думку Льва Львоўскага, ідэя падняць падаткі ідзе ад некаторых прадстаўнікоў IT-сектара.
— Маўляў, не забівайце нас, лепш падвысіць падаткі. Гэта яшчэ добры выхад з сітуацыі, якая склалася. Так што ідэя ідзе менавіта ад саміх айцішнікаў або функцыянераў, якія хочуць злёгку задобрыць Аляксандра Лукашэнку, перавёўшы размову ў эканамічную плоскасць.
Пакуль IT усё ж утрымліваюць у Беларусі даволі прывабныя льготы па падатках. Звычайны работнік плаціць 13% падаходнага падатку і 1% у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Яшчэ 34% ад заробку працадаўца адлічвае ў ФСАН. Рэзідэнты ПВТ плацяць падаходны падатак 13% (раней было 9%), а адлічэнні ў ФСАН разлічваюцца ад сярэдняга заробку ў краіне. Улічваючы, што заробкі ў IT высокія і ёсць асноўнымі выдаткамі ў бізнесе, эканомія выходзіць значная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.