Брэсцкія велаклубы прапануюць звязаць роварнай сцежкай універсітэты горада
29 верасня ў Брэсце прайшла сустрэча роварных клубаў горада. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў абмяркоўвалі стварэнне бесперашкодных умоваў для перасоўвання па горадзе на ровары.
Пра вынікі сустрэчы Еўрарадыё распавёў каардынатар кампаніі "За Вела-Брэст!" Уладзімір Красько.
Красько: "Было прынята рашэнне, што неабходна звязаць у "роварную артэрыю" шлях па маршруце Сцімава (катэджны пасёлак. — Еўрарадыё) і чыгуначны вакзал. Чаму быў абраны менавіта гэты маршрут? Ён яднае, па-першае, універсітэты гораду, іх інтэрнаты, а, па-другое, звязвае асноўныя спартовыя ўстановы".
Сваю прапанову грамадскія арганізацыі накіравалі 30 верасня ў ДАІ Брэсцкай вобласці і прадстаўнікам мясцовай улады.
Уладзімір Красько дадае, што кампанія "За Вела-Брэст" таксама выступіла з прапановай стварыць на адной з вуліц горада агульную праезную частку як для аўтамабіляў, так і для раварыстаў. У якасці эксперыменту актывісты прапануюць нанесці адпаведную разметку на вуліцы Савецкай Канстытуцыі. Падобныя палосы з агульным роварным і аўтамабільным рухам ужо ёсць у Брэсце, аднак пакуль толькі на ўскрайках гораду (Варшаўская шаша і дарога ў бок вёскі Тэльмы).
На фота — вуліца Савецкай Канстытуцыі