Букмекеры аддаюць беларускаму прадстаўніку на "Еўрабачанні" толькі 40-е месца

Букмекеры аддаюць беларускаму прадстаўніку на "Еўрабачанні" толькі 40-е месца

14 сакавіка сталі вядомыя ўсе 43 удзельнікі "Еўрабачання-2016". Адпаведна, букмекеры скарэктавалі свае рэйтынгі . Паводле іх, найбольш верагодныя пераможцы сёлетняга конкурсу — расійская поп-зорка Сяргей Лазараў з песняй "You are the only one" (яго патрануе Філіп Кіркораў) і 17-гадовы швед Франс з трэкам "If I Were Sorry". Цікава, што ў мінулым годзе фаварытамі букмекераў таксама былі расіянка Паліна Гагарына і швед Монс Зельмерлёу, якія ў фінале літаральна наступалі адзін аднаму на пяты, але ў выніку перамога дасталася скандынаву.

Следам за Лазаравым і Франсам высокія месцы букмекеры аддаюць прадстаўнікам Харватыі, Аўстраліі, Францыі, Латвіі, Азербайджана. Украінцы Джамале прагназуюць 10-е месца, а вось прадстаўніку Беларусі Айвану — усяго 40-е. На думку беларускага ўдзельніка "Еўрабачання-2014" спевака Тэа, меркаванні букмекераў заўсёды "прыкладныя", бо заснаваныя на песнях і відэа да іх, а сапраўдныя лідары высвятляюцца на першай рэпетыцыі "Еўрабачання":  

Букмекеры аддаюць беларускаму прадстаўніку на "Еўрабачанні" толькі 40-е месца
"Букмекеры разглядаюць перадусім гатовы прадукт. А менавіта першая рэпетыцыя паказвае, хто моцны, хто слабы. Не ўсе могуць прыстойна спяваць жыўцом. Нават калі ў запісе выканаўца выглядае выйгрышна, на сцэне ён можа спяваць горш у трыста разоў. Зноў жа, некаторыя выканаўцы не заўсёды гатовыя да той адказнасці і стрэсу, якія адбываюцца на сцэне ў жывым эфіры. Таму, мяркую, тая ацэнка ўдзельнікаў, якую маюць на цяперашні момант букмекеры, не зусім аб'ектыўная. І я сумняваюся, што асноўная барацьба ў выніку разгорнецца паміж Расіяй і Швецыяй".
 

Калі кіравацца словамі Тэа пра тое, што пасля першай рэпетыцыі рэйтынгі зменяцца, то ў Аляксандра Іванова ўсё ж ёсць шанец не стаць аўтсайдарам. Па-першае, малады музыка — пераможца шматлікіх конкурсаў і тэлешоў, таму, верагодна, этап хвалявання на сцэне ў яго мінуў, ды і спяваць жыўцом для любой аўдыторыі Айвану не прывыкаць. Да таго ж, цікавасць да прадстаўніка Беларусі можа прыцягнуць кліп да песні "Help you fly", здымкі якога пачнуцца на гэтым тыдні. А ведаючы прадзюсарскія і фінансавыя здольнасці Віктара Дробыша, які стаіць за маладым беларусам, можна дапусціць, што відэа можа атрымацца цікавым. Апроч гэтага, у запасе Іванова ёсць два месяцы на раскрутку.

 

Пра тое, як рыхтуецца Саша Іваноў да конкурсу, можна даведацца са штотыднёвага "Дзённіка Еўрабачання", што выходзіць на БТ. Праўда, інфармацыю пра пастаноўку нумара каманда Айвана трымае ў строгім сакрэце. Глядач даведваецца толькі, што хлопец бярэ ўрокі вакалу, удасканальвае англійскую, яму нядаўна знялі прома-ролік да "Еўрабачання" і што ў яго з'явілася дзяўчына — 29-гадовая зорка расійскага тэлесерыяла "Універ. Новы інтэрнат" Настасся Самбурская.

 

30-31 сакавіка ў Мінску будзе здымацца візітка Айвана да "Еўрабачання". Пакуль жа прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі знаходзяцца ў Стакгольме, дзе праходзіць сустрэча дэлегацый краін-удзельніц конкурсу. Яны правялі перамовы з тэхнічнымі службамі па пытаннях пастаноўкі нумара беларускага ўдзельніка. Іваноў выступіць у другім паўфінале конкурсу 12 траўня. У гэты ж дзень на сцэну выйдуць прадстаўнікі краін-суседак Беларусі — Польшчы, Украіны, Латвіі, Літвы, а таксама выканаўцы з Албаніі, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Даніі, Македоніі, Грузіі, Ірландыі, Ізраілю, Нарвегіі, Румыніі, Сербіі, Славеніі і Швейцарыі.

Фінал "Еўрабачання-2016" адбудзецца 14 траўня.

Фота Тэа з сацыяльных сетак

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі