Былы міністр лясной гаспадаркі Беларусі асуджаны на 7,5 года калоніі

Віталь Дрожжа ў судзе / БЕЛТА
Віталь Дрожжа ў судзе / БЕЛТА

Былы міністр лясной гаспадаркі Беларусі Віталь Дрожжа асуджаны на 7,5 года калоніі. Ён прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, паведамляе БЕЛТА. Па версіі следства, у 2020 годзе міністр дамовіўся з заснавальнікам і дырэктарам замежнай кампаніі пра набыццё ў інвестара сушыльных комплексаў. За гэта Дрожжа атрымаў хабар. Грошы перадаваліся часткамі ў перыяд з кастрычніка 2020 года да красавіка 2022-га. Агулам у рукі міністра трапілі 30 тысяч долараў.

Крымінальную справу разглядаў Мінскі гарадскі суд. Сваю віну Дрожжа цалкам прызнаў. На адным з ранейшых пасяджэнняў ён сказаў, што "паддаўся спакусе і праявіў слабасць, не апраўдаўшы аказанага яму высокага даверу".

Былому міністру прызначаны штраф — 2 тысячы базавых велічынь (74 тысячы рублёў).

На пасаду міністра Віталь Дрожжа быў прызначаны ў красавіку 2018 года. Аляксандр Лукашэнка патрабаваў ад яго навесці парадак у лясах. А вясной 2022-га Лукашэнка звольніў Дрожжу "ў сувязі з правінай, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі