Супрацоўнік банка скраў з картак кліентаў 270 мільёнаў рублёў
Мінчук працаваў спецыялістам аддзела эмісіі банкаўскіх картак "Банка "БелВЭБ".
Ён скарыстаўся сваім доступам да камп'ютарнай сістэмы абслугоўвання банкаўскіх картак. Спачатку малады чалавек выбраў кліентаў, на рахунках якіх былі вялікія сумы грашовых сродкаў. Пасля ён атрымаў доступ да інфармацыі, неабходнай для пацвярджэння плацяжоў у інтэрнэце і пералічваў грошы на рахункі, папярэдне зарэгістраваныя ў іншым банку на падстаўных асобаў.
Агулам у крымінальнай справе налічваецца 37 эпізодаў. У кліентаў "Банка "БелВЭБ" і "Тэхнабанка" ён скраў 270 мільёнаў рублёў, якія здымаў у банкаматах сталіцы.
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, зламыснік кампенсаваў усе страты, нанесеныя людзям. Пасля гэтага яго адпусцілі пад заклад. Яму пагражае да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Справа цяпер знаходзіцца ў Генпракуратуры, якая яе адправіць у суд.