Целы загінулых у авіякатастрофе пад Іркуцкам беларусаў пакуль не ідэнтыфікаваныя
Ратавальнікі на месцы крушэння Ан-12 / irk.ru
Целы загінулых у авіякатастрофе пад Іркуцкам беларусаў пакуль не ідэнтыфікаваныя, як толькі будзе дазвол, іх даставяць на радзіму, паведамляе агенцтва "Інтэрфакс-Захад" са спасылкай на кіраўніка Дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Арцёма Сікорскага.
"У цяперашні час у нас няма інфармацыі, што целы ідэнтыфікаваныя. Паводле нашай інфармацыі, вядзецца адпаведная праца. Як толькі ўпаўнаважанымі органамі РФ будзе прынятая пастанова і будзе магчымасць целы забраць — мы пры дапамозе нашых расійскіх калегаў забяспечым дастаўку целаў у тых кірунках, куды папросяць сваякі", — сказаў Сікорскі на брыфінгу ў пятніцу.
Кіраўнік дэпартамента таксама расказаў, што члены экіпажа Ан-12 былі застрахаваныя. Усе страхавыя выплаты будуць праведзеныя ў адпаведнасці з законам.
Самалёт Ан-12 беларускай кампаніі "Гроднаавія" вяртаўся ў аэрапорт базавання пасля перавозкі прадуктаў на Чукотку. Ён знік з радараў вечарам 3 лістапада на падлёце да Іркуцка. Ратавальнікі знайшлі месца падзення самалёта ў раёне пасёлка Піваварыха недалёка ад Іркуцкага аэрапорта, паветранае судна гарэла.
На борце знаходзіліся 9 чалавек, з іх трое — грамадзяне Беларусі. Гэта штурман Андрэй Сяргееў, а таксама два інжынеры — Дзмітрый Гармоненка і Максім Карпук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.