Цэнтр Магілёва хочуць да чэрвеня ачысціць ад несанкцыяваных графіці

Магілёўскія ўлады даручылі мясцовым камунальнікам да 1 чэрвеня ачысціць ад несанкцыянаваных і абразлівых надпісаў падпорную сцяну пуцеправода па вуліцы Лазарэнкі насупраць пратэстанцкай царквы "Віфанія".

Як піша БелаПАН, яшчэ ў студзені група з 24 мясцовых жыхароў звярнулася ў Магілёўскі гарвыканкам і міліцыю. Яны прасілі прадухіліць пастаяннае апаганьванне гістарычных будынкаў па вуліцы Лазарэнкі і пакараць вінаватых у рэгулярным нанясенні надпісаў. Подпісы былі сабраныя пераважна сярод прыхаджан пратэстанцкай царквы "Віфанія", размешчанай на вуліцы Лазарэнкі. Падпісанты лічылі вінаватымі актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які яшчэ ў 2008 годзе ладзіў акцыю па размалёўванні сцяны пуцеправоду. Пасля гэтага і пачалося размалёўванне як сцяну пуцеправоду, так і будынкаў.

Каб засцерагчыся ад з'яўлення надпісаў у будучыні, на адным з будынкаў усталяваная камера відэаназірання.

Дарэчы, па выніках 2014 начальнік магілёўскай абласной міліцыі Аляксандр Кавальчук паведамляў, што праваахоўнікі затрымалі аўтараў надпісаў. Але прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасці немагчыма, бо яны не дасягнулі вызначанага законам узросту. За свавольства дзяцей пакаралі бацькоў.

Ілюстрацыйнае фота — bezphoto.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі