Чаму Беларусь адключылі ад інтэрнэта?

“Белтэлекам” прызнаў сваю памылку і паабяцаў пакараць вінаватых “Белтэлекам” прынёс свае прабачэнні за адсутнасць інтэрнэту ў Беларусі. На сайце дзяржаўнага манапаліста адзначаецца, што праблемы ўзніклі з-за парушэння парадку правядзення рэгламентных прац.

“Асобы, адказныя за парадак правядзення прац, прыцягнутыя да адказнасці за парушэнні. Прыносім свае прабачэнні за прычыненыя нязручнасці", — паведамляе “Белтэлекам”.

Нагадаем, раніцай 1 кастрычніка каля дзвюх гадзінаў большасць беларусаў была адрэзана ад сувязі са “знешнім светам”. Выхад на замежныя сайты знік у прыватных правайдэраў, у той час як у самога дзяржаўнага манапаліста, які прадае інтэрнэт пад маркай byfly, праблем амаль не было.

Як патлумачылі Еўрарадыё ў тэхнічнай службе прадпрыемства па перадачы дадзеных “БелПак”, збоі былі звязаныя з праблемамі на маршрутызатары. Менавіта праз гэту прыладу ўсе беларусы трапляюць у сусветнае павуцінне.

Супрацоўнік БелПак: "Праграмана-апаратны збой на cisco 7606 з падключанымі аператарамі сувязі. У нас на гэтым маршрутызатары cisco падключаны правайдэры, якія праходзяць праз нас. Да іх падлучаюцца абаненты. На гэтым абсталяванні быў збой натуральна правайдэры не маглі працаваць".

Як адзначыў спецыяліст з кампаніі-правайдэра “Атланттэлекам” Антон, збой адбыўся падчас пашырэння знешняга канала на Расію.

"Яны павінны былі сёння пашырыць канал на Расію, агульны шлюз. Магчыма трэба было нешта пераналадзіць у маршрутызатары, які абслугоўвае прыватныя правайдэры. Два тыдні ці тры ў “байфлая” скача інтэрнэт. Кліенты скардзіліся на затрымкі, высокія пінгі ў гульнях, нізкую хуткасць. У іх не хапала шырыні канала, якую выкарыстоўвалі іх кліенты. Павінны былі 1 кастрычніка пашырыць да 17 гігабіт шлюз. За кошт расійскага “Транстэлекама” яны падключалі ці 5, ці 6 гігабіт знешняга канала".

Сецевы адміністратар Іван распавёў Еўрарадыё, што пашырэнне канала магло паўплываць на працу маршрутызатара. Тым больш, як паведамлялася раней, галоўны інжынер “Белтэлекама” Бальшакоў быў у адпачынку.

"Я не думаю, што гэта сістэматычна. Калі іх галоўны інжынер знаходзіцца ў адпачынку, магчыма, рэальна адбыўся збой. Пашырэнне канала — гэта даволі складаная працэдура, для аператара. Гэта па сутнасці аб'яднанне сецей. Я лічу, што дапусцілі памылку і адбыўся збой. Ён адбыўся па рознаму. У некаторых працавалі заходнія рэсурсы, але не адчыняліся расійскія. У некаторых не працаваў і заходні, і ўсходні накірунак. Мог адбыцца збой не самога маршрутызатара, а некаторых партоў".

Фёдар Караленка, кіраўнік беларускай інтэрнэт-сістэмы Акавіта, кажа, што калі б інфраструктура была арганізаваная больш якасна і быў бы рэзервовы маршрутызатар, то збою б не было.

"У выпадку збою, калі б ён здарыўся і гэта было б прадугледжана, то ніхто б страты трафіку не заўважыў. На стадыі праектавання сеці не было ўсё ўлічана, што можна было б улічыць пры граматным падыходзе. Гэтыя рэчы па пашырэнні каналаў, калі праводзяцца планава і граматна, то карыстальнікі нічога не заўважаць. Калі я працаваў у нас такія аперацыі праводзіліся незаўважна. Мы пускалі трафік праз дюблюючы канал, таму проста зніжалася хуткасць, але сувязь не знікала, пакуль мы вялі працу".

Чаму ж працаваў інтэрнэт у абанентаў byfly? Высветлілася, што дзяржаўны манапаліст працуе ў адной падсетцы, а сетка прыватных правайдэраў забяспечваецца іншым маршрутарызатарам, які акурат і збіраліся пашыраць.

Фота: Univer.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі