Чаму сайты дзяржорганаў такія дарагія?
Еўрарадыё складае рэйтынг самых дарагіх чыноўніцкіх сайтаў.
Следчы камітэт зрабіў сабе сайт за 825 мільёнаў рублёў. Грошы гэта немалыя — каля 80 тысяч долараў. Напрыклад, каб зарабіць столькі, беларусу з сярэднім па краіне заробкам трэба працаваць амаль 12 гадоў.
Трошкі даражэй каштуе распрацоўка сістэмы "расклад" на сайце чыгункі — 863 мільёны. Калі гэты кошт яшчэ можна зразумець, то чаму столькі ж каштуе сайт з навінамі, фоткамі і формай зваротнай сувязі?
"Адно з патрабаванняў — распрацоўка самапіснай CMS. Унікальны, нешаблонны дызайн і самы вялікі аб'ём грошай — гэта працы па бяспецы, таму што сайт павінен быць атэставаны адпаведна заканадаўству. Атэстацыю ён праходзіць у ААЦ. Набор дакументаў — каля 26 штук. Пішацца заданне па бяспецы на сайт, атэстоўваецца ў акрэдытаванай лабараторыі. Сістэма абароны праходзіць выпрабаванні ў лабараторыі і атэстоўваецца ААЦ", — кажуць у Цэнтры банкаўскіх тэхналогій, які распрацоўваў сайт СК.
Колькі каштуе новы сайт Мінабароны ў Crears Systems, не прызнаюцца, але кажуць, што амаль столькі ж, колькі сайт Следчага камітэта.
У кошт уваходзіць хостынг, магутныя серверы, дызайн старонак, там шмат макетаў. Потым вёрстка гэтых макетаў, праграміст падключае функцыянал, выдаткі на сістэму кіравання.
"Праграмаванне каштуе дорага. Там шмат падсайтаў, каля 30 паддаменаў, і кожны са сваім унікальным дызайнам, вёрсткай і праграмаваннем".
Кіраўнік Астронім Багдан Каравец, кажа, што сайты дзяржорганаў маюць функцыянал, нябачны карыстальнікам, а таксама моцную сістэму абароны. Таму такія цэны апраўданыя.
"Там звычайна два схаваныя моманты. Часта ўключанае стварэнне сервернай доўгатэрміновай падтрымкі, бяспека, і гэта складае большую частку кошту. Як гэта было з сайтам прэзідэнта. Другі момант — схаваныя функцыянальнасці. Напрыклад, нейкія ўнутраныя базы дадзеных, якія сінхранізуюцца з дзяржсістэмамі ці замежнымі сістэмамі кшталту інтэрполаўскіх. Гэта патрэбна для забеспячэння працы розных службаў, такіх як памежныя камітэты".
Сайты з моцнай сістэмай бяспекі цяжэй узламаць і "задосіць", але ўсё роўна магчыма, былі б грошы. Але наколькі апраўданыя такія перасцярогі для сайтаў, дзе публікуюцца навіны і прэс-рэлізы, якія можна публікаваць, як раней, у фэйсбуку і рассылаць па пошце?
"Я лічу, што для такіх сайтаў дзяржорганаў як сайт прэзідэнта, КДБ, КДК гэта неабходна. Калі зламыснік зможа там апублікаваць нават навінавую інфармацыю супярэчлівага характару, будуць вялізныя непрыемныя наступствы", — мяркуе Юлія Сцяпанава з Цэнтра банкаўскіх тэхналогій.
Еўрарадыё склала ўмоўны рэйтынг самых дарагіх сайтаў. Умоўны, бо розныя сайты маюць розны аб'ём працы.
Сайт прэзідэнта Беларусі — 2,6 мільярда рублёў
Беларуская валютна-фондавая біржа — 1,28 мільярда
Стварэнне сістэмы "Расклад на сайце чыгункі" — 863 мільёны
Сайт Следчага камітэта — 825 мільёнаў
Сайт Мінабароны — параўнальны з сайтам СК
Сайт Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі — 7,8 мільёна
Ёсць дзяржорганы, якія замаўлялі сайты, але тэндары не адбыліся.
Фонд сацыяльнай абароны хацеў сайт за 390 мільёнаў
Мытны камітэт — 170 мільёнаў
Гарадзенскі гарвыканкам — 140 мільёнаў
Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі — 80 мільёнаў
Пінскі райвыканкам — 40 мільёнаў
УУС Гомельскага аблвыканкама — 30 мільёнаў