Ці выратуе Беларусь радыкальная арганізацыя?

Ірландская рэспубліканская армія трансфармавалася ў палітычны рух. Ці магчыма такое ў Беларусі? / калаж Еўрарадыё

Ірландская рэспубліканская армія трансфармавалася ў палітычны рух. Ці магчыма такое ў Беларусі? / калаж Еўрарадыё

У беларускім грамадстве дагэтуль няма кансэнсусу па важным пытанні: ці можа змяніць уладу мірны пратэст? Або абысціся малой крывёй ужо немагчыма і нам патрэбная больш радыкальная палітычная сіла, якая будзе процістаяць рэжыму і ладзіць тэракты?

Гэтую тэму ў жывым эфіры Еўрарадыё ўзняў Аляксандр Кныровіч.

— Як бы мы ставіліся маральна да таго, што ў нас таксама была б такая частка, якая робіць тэракты ў Беларусі? Ці мы згодныя з гэтым? Мы згодныя з тым, што ў Беларусі будуць нейкія тэракты, скіраваныя на тых, хто робіць злачынствы ў Беларусі? — разважае блогер і палітык.

Кныровіч лічыць, што Беларусі патрэбная партыя ленінскага тыпу.

— З моцнай ідэалогіяй, з невялікай колькасцю ўпэўненых паплечнікаў і з той самай часткай, якая займаецца бруднымі справамі. На жаль, гэта так і ніяк іначай. Так мне здаецца, — кажа Аляксандр Кныровіч.

А нядаўна кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў сказаў, што канфлікт у арганізацыі здарыўся менавіта пасля тэракту з расійскім самалётам А-50 у Мачулішчах. Гэта была сумесная аперацыя са Службай бяспекі Украіны, але беларусы ўзялі адказнасць на сябе. У выніку міжнародныя партнёры BYPOL, ад якіх залежала фінансаванне арганізацыі, палічылі здарэнне тэрактам — і спынілі супрацоўніцтва. Цяпер жа Азараў факусуецца на плане “Перамога”, які прадугледжвае ў тым ліку падпольную барацьбу.

— Гэта падрыхтоўка беларусаў за мяжой да моманту, калі яны змогуць вярнуцца ў Беларусь. Вайскова-спартыўная, спецыяльная падрыхтоўка. Далей — набыццё сродкаў сувязі і разведкі, экіпіроўка гэтых беларусаў, — тлумачыць Аляксандр Азараў сэнс плана “Перамога” ў інтэрв’ю ўкраінскаму тэлебачанню.

Ці мае сэнс развіваць падпольную барацьбу і радыкальную дзейнасць? Ці дасягаюць такія арганізацыі поспеху, што пра гэта гаворыць гісторыя? Мы спыталі пра гэта экспертаў. Але спачатку паглядзім, як дзейнічаюць радыкальныя арганізацыі ў свеце.

ІRА, ETA, ХАМАС — хто чаго дасягнуў?

Ірландская рэспубліканская армія (IRA) — адна з самых вядомых еўрапейскіх ваенізаваных радыкальных арганізацый. У Вялікабрытаніі яна лічыцца тэрарыстычнай, і яе дзейнасць забароненая. Галоўная мэта Ірландскай рэспубліканскай арміі — незалежнасць Ірландыі (пераважна — католікі) і аб’яднанне з Паўночнай Ірландыяй (пратэстанты), якая цяпер лічыцца тэрыторыяй Вялікабрытаніі.

Ці выратуе Беларусь радыкальная арганізацыя?
Маргарэт Тэтчэр стала ахвярай тэракту ў 1984 годзе: тады IRA падарвала гатэль у Брайтане

Метады IRA — тэрор супраць англійскіх уладаў: забойствы, выбуховыя пасылкі чыноўнікам, выкраданні, вымагальніцтва, атакі на машыны з афіцэрамі і паліцэйскія ўчасткі. Адна з самых вядомых акцый — тэракт супраць Маргарэт Тэтчэр у 1984-м, калі ў “Гранд-гатэлі” спрацавала выбухоўка. “Жалезную ледзі” праз пагрозу з боку ірландскіх тэрарыстаў вазілі ў бронемабілі.

IRA атрымлівала грошы і зброю ад Лівіі, ірландскай дыяспары ЗША і некаторых іншых краін і арганізацый. Паводле некаторых звестак, нават СССР падтрымліваў IRA.

У 1998-м падпісалі Белфастскае пагадненне, якое скасавала мяжу паміж Ірландыяй і Паўночнай Ірландыяй і паклала пачатак палітычнаму, а не ваеннаму ўрэгуляванню канфлікту. Дакумент прадугледжваў стварэнне аўтаномных органаў улады на парытэтных умовах, каб былі прадстаўленыя інтарэсы і ірландскіх рэспубліканцаў, і брытанскіх лаялістаў.

У 2002 годзе IRA афіцыйна выбачылася за забойствы, учыненыя за апошнія 30 гадоў. У 2010 годзе за Крывавую нядзелю выбачыўся Джэймс Кэмеран. Ён прызнаў, што брытанскім уладам, якія расстралялі мірную дэманстрацыю за незалежнасць Ірландыі ў 1920 годзе, няма апраўдання.

У 2005 годзе IRA заявіла, што складае зброю і працягвае барацьбу за незалежнасць Ірландыі ў палітычным полі. Інтарэсы аб’яднанай Ірландыі ў брытанскім парламенце адстойвае партыя “Шын Фэйн”.

ETA — групоўка, што 60 гадоў трымала ў страху Іспанію

ЕТА — абрэвіятура ад "Краіна баскаў і свабода", радыкальная тэрарыстычная арганізацыя Краіны Баскаў — рэгіёна на поўначы Іспаніі і Францыі, дзе жывуць этнічныя баскі. Яна існавала з 1959-га і ў 2018-м абвясціла пра спыненне дзейнасці. Мяркуючы па тым, што Краіны Баскаў як самастойнага дзяржаўнага ўтварэння дагэтуль не існуе, можна зрабіць выснову, што ЕТА не дабілася сваёй мэты. Гэтую арганізацыю лічаць тэрарыстычнай у многіх краінах свету, у тым ліку ў самой Іспаніі і ЗША.

Першапачаткова ЕТА змагалася супраць дыктатуры Франка. У 1973 годзе баскскія нацыяналісты здзейснілі тэракт, у якім загінуў Луіс Карэра Бланка, пераемнік Франка ў кіраўніцтве ўрадам. 

Ці выратуе Беларусь радыкальная арганізацыя?
ETA пачынала як групоўка супраць дыктатуры, а скончыла як тэрарыстычная сепаратысцкая арганізацыя /REUTERS/Gara

У 1978 Краіна Баскаў атрымала аўтаномію. Але ЕТА гэта не задаволіла: яны патрабавалі незалежнасці, і змагаліся за яе шляхам тэрарыстычнай барацьбы. ЕТА выкрадала людзей, патрабуючы за іх выкуп — так арганізацыя атрымлівала фінансаванне.

У пачатку 2000-х пачаліся размовы пра тое, каб скіраваць энергію нацыяналістаў у палітычнае рэчышча. Да гэтага моманту пачынаючы з дня свайго заснавання ЕТА забіла 10 іспанскіх палітыкаў, а ахвярамі яе тэрактаў стала больш чым 800 чалавек.

У 2006 годзе ЕТА абвясціла пра добраахвотнае спыненне ўзброенай барацьбы ўзамен на вызваленне і амністыю затрыманых удзельнікаў групоўкі і легалізацыю палітычнай партыі “Батасуна”, што прасоўвала ідэі ЕТА. Мірныя перамовы ні да чаго не прывялі. ЕТА пасля гэтага здзейсніла яшчэ некалькі тэрактаў. Апошні быў у 2010 годзе.

Тады ж затрымалі лідара ЕТА, а групоўка выступіла з заявай, што з гэтага моманту ўжо дакладна будзе дамагацца незалежнасці Краіны Баскаў выключна мірным, палітычным, шляхам.

На парламенцкіх выбарах у Іспаніі ў 2011 годзе баскскія нацыяналісты ўзялі некалькі дэпутацкіх месцаў. У 2018-м ЕТА заявіла пра спыненне свайго існавання.

ХАМАС — бязлітасная групоўка, што хоча сцерці Ізраіль з карты

ХАМАС — радыкальны нацыяналістычны палестынскі рух супраціву, а таксама палітычная партыя, што кіруе ў Сектары Газа з 2007 года. ХАМАС прызнаюць тэрарыстычнай арганізацыяй Ізраіль, супраць якога яна і дзейнічае, ЗША, Еўрасаюз. І не прызнаюць Расія, Кітай, Нарвегія, Турцыя. Аўстралія і Вялікабрытанія лічаць тэрарыстамі толькі вайсковае крыло ХАМАСа.

ХАМАС — гэта ісламіцкае фундаменталісцкае, антысіянісцкае ўтварэнне, якое лічыць Ізраіль сваім ворагам і ставіць сваёй глабальнай мэтай сцерці Ізраіль з карты і пабудаваць незалежную палестынскую дзяржаву.

Арганізацыя актыўна вядзе прапагандысцкую працу і рыхтуе шахідаў, то-бок тэрарыстаў-смяротнікаў, якімі могуць быць нават падлеткі, і менавіта яны літаральна паставілі гэтую дзейнасць на паток. Колькасць ахвяраў ХАМАСа ідзе на тысячы.

Ці выратуе Беларусь радыкальная арганізацыя?
ХАМАС радыкальна супраць Ізраіля і вайсковы супраціў працягвае дагэтуль / Getty Images

Час ад часу баявыя дзеянні ў рэгіёне абвастраюцца. ХАМАС канфліктуе нават з партыяй ФАТХ, што кіруе ў Палестыне. Паміж праціўнікамі і прыхільнікамі радыкалаў у Сектары Газа час ад часу здараюцца сутычкі з прычыны вельмі кепскага эканамічнага становішча на гэтых тэрыторыях.

Сёлета пры пасярэдніцтве Егіпта прайшлі мірныя перамовы паміж Ізраілем і палестынскімі прадстаўнікамі. Але баевікі ў Газе і ізраільскія войскі ўсё адно працягваюць абменьвацца ракетнымі ўдарамі.

Ці можа існаваць у Беларусі радыкальная групоўка?

Спойлер: не. Эксперты, да якіх Еўрарадыё звярнулася з гэтым пытаннем, вельмі скептычна ставяцца да стварэння ў Беларусі радыкальнага нацыяналістычнага руху.

Вось што кажа кандыдат гістарычных навук Роза Турарбекава:

— Такія баявыя тэрарыстычныя арганізацыі, як ХАМАС, узнікалі на хвалі ўзмацнення вайсковага ціску Ізраіля на палестынскі рух супраціву. Вялікіх поспехаў я не ведаю; усё ж палестынская дзяржава як незалежная функцыянуе напалову, калі не на чвэрць, — разважае экспертка.

Каб такая арганізацыя магла дзейнічаць у Беларусі, трэба, каб было зразумела: а навошта яна ўвогуле?

Ці выратуе Беларусь радыкальная арганізацыя?
Роза Турарбекава / Еўрарадыё

Згодны з гэтым і гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

— Ірландская рэспубліканская армія, арганізацыя баскаў ЕТА, ХАМАС, ісламскі джыхад, якія дзейнічаюць на палестынскім баку, — яны ўсе пазіцыянуюць сябе як нацыянальна-вызваленчыя рухи, якія вядуць барацьбу з акупантам. Але акцыі, якія яны робяць, скіраваныя не толькі на вайскоўцаў. Іх тэрарыстычныя акты скіраваныя і супраць цывильнага насельніцтва. У хартыі ХАМАСа нават згадваецца, што гэтая арганізацыя вядзе барацьбу не толькі з Ізраілем, але з яўрэямі па ўсім свеце. Так што гэтыя прыклады вельмі спрэчныя. Яны абвешчаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі, уключаныя ў адпаведныя спісы, з імі не супрацоўнічаюць, з імі вядуць барацьбу. А што да іх поспехаў, назавём гэта так, то іх няма, — каментуе Аляксандр Фрыдман.

Да таго ж, калі нават пакінуць за дужкамі маральны аспект радыкальнага руху супраціву, то ці магчыма гіпатэтычна арганізаваць яго ўнутры Беларусі? А ці мае сэнс займацца гэтым за яе межамі?

Ці выратуе Беларусь радыкальная арганізацыя?
Аляксандр Фрыдман / Еўрарадыё

Тыя, хто хоча змагацца радыкальнымі метадамі, ужо змагаюцца — на баку палка Каліноўскага. Пытанне: чаго яны могуць дамагчыся ва ўмовах Беларусі? Калі мы сабе ўявім, што такая групоўка сапраўды пачне дзейнічаць. Ва ўмовах таталітарнай дыктатуры гэта вельмі цяжка. Тыя прыклады, якія мы згадвалі — і ХАМАС, і ЕТА, і IRA, — яны дзейнічалі і з імі вялі барацьбу. Але ўсё ж Ізраіль, Паўночная Ірландыя і іншыя — гэта дэмакратычныя ўмовы існавання. Там прэвентыўнага знішчэння не адбывалася. У беларускім выпадку, калі такая групоўка пачне дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі, сённяшнія ўлады абавязкова абвесцяць ёй вайну на знішчэнне. Прычым яны будуць дзейнічаць прэвентыўна, і, магчыма, будуць пакараныя людзі, якія ні ў якіх акцыях не былі задзейнічаныя. Дзейнасць такой групоўкі прывядзе да дадатковай хвалі тэрору, ва ўладаў у гэтым сэнсе нейкіх абмежаванняў няма, — заўважае эксперт.

Што да фінансавання, тут таксама малаімаверны поспех. Еўрасаюз і ЗША такую дзейнасць падтрымліваць не будуць, пра што сведчыць прыклад з BYPOL, пазбаўленым фінансавання пасля тэракту ў Мачулішчах.

— Я нейкіх падставаў, глебы для стварэння такой арганізацыі не бачу. А калі яна нават і будзе створаная, гэта зусім не панацэя. Шмат у каго пакуль трошкі ідэалістычнае ўяўленне пра радыкальныя дзеянні. Тое, што мы бачылі да сённяшняга моманту ў Беларусі з боку рэйкавых партызанаў, з боку гісторыі ў Мачулішчах, — гэта былі атакі на вайсковыя аб’екты. Цывільная інфраструктура не пацярпела і не было ахвяраў. Гэта галоўнае. Гэта ж нетыпова для тэрарыстычнай дзейнасці. Звычайна яна звязаная з закладнікамі, забойствамі і іншым. Калі паглядзець на гісторыю ХАМАСа, ЕТА, IRA — гэта гісторыя тэрору, забойстваў. Тэрарыстычныя метады самі па сабе злачынныя, — падсумоўвае Аляксандр Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі