Ціханоўская заклікала падтрымаць свабодныя беларускія медыя
Акцыя ў рамках Міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю 7 лютага 2021 года ў Рызе
Святлана Ціханоўская заклікала падтрымаць свабодныя беларускія СМІ. Гэта можна будзе зрабіць у рамках Міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю 9 лютага. У гэты дзень беларускаму пратэсту спаўняецца паўтара года.
Незалежныя СМІ, па яе словах, застаюцца "на пярэднім краі барацьбы".
"Смелыя журналісты, блогеры і ўплывовыя медыяперсоны працягваюць працу ў краіне і ў эміграцыі, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і асабістую небяспеку", — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Яна нагадала пра прэсінг, які наладзілі ўлады незалежным СМІ. Больш за 50 медыасайтов, па яе дадзеных, апынуліся заблакаваныя, звыш 400 журналістаў былі вымушаныя з'ехаць з краіны. Больш за 40 супрацоўнікаў СМІ застаюцца за кратамі.
Важна, каб медыя працягвалі працаваць — каб Беларусь заставалася на парадку дня, каб свет бачыў, што робіць рэжым.
"Дыктатар зрабіў усё, каб закрыць рот незалежным журналістам і не даць свету ўбачыць, што адбываецца ў нашай краіне. Гэтага нельга дапусціць", — кажа Святлана Ціханоўская.
Мерапрыемствы ў падтрымку беларускіх журналістаў пройдуць у розных краінах з 9 па13 лютага.
Нагадаем, летась Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю прайшоў 7 лютага. Ініцыятыву Святланы Ціханоўскай тады падхапілі розныя краіны, да яе далучыліся кіраўнікі дзяржаў і чыноўнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.