Ціханоўская абмеркавала з дарадцам прэзідэнта ЗША планы Пуціна ў Беларусі

Джэйк Саліван і Святлана Ціханоўская / t.me/pozirkonline/
Джэйк Саліван і Святлана Ціханоўская / t.me/pozirkonline/

Святлана Ціханоўская абмеркавала з Джэйкам Саліванам, дарадцам па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, планы Уладзіміра Пуціна размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, паведамляе @pozirkonline. Сустрэча прайшла 27 сакавіка ў Белым доме. Ціханоўская падкрэсліла, што "гэта недапушчальна" і трэба "прыняць прэвентыўныя меры, каб гэтага не адбылося". Рэалізацыя плана Пуціна парушыць бяз'ядзерны статус Беларусі, а таксама будзе крокам да яе паглынання Расіяй, падкрэсліла яна.

Святлана Ціханоўская таксама распавяла пра "апошнія масавыя арышты, падпольны рух супраціву, які працягваецца насуперак рэпрэсіям". Яна заявіла пра неабходнасць прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасці "за злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел у вайне РФ супраць Украіны".

Візіт Ціханоўскай у ЗША працягнецца да 28 сакавіка.

Пра планы размяшчэння ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі Пуцін заявіў увечары 25 сакавіка. Ён лічыць, што Расія не парушае рэжыму яе нераспаўсюду, паколькі РБ не атрымае кантролю за ядзернымі зарадамі (пра гэта ж заявілі ў МЗС РБ). Захад жа бачыць пагрозу для бяспекі Еўропы і прагназуе новыя санкцыі. Сітуацыю збіраюцца разгледзіць у Саўбезе ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі