Цімашэнка заклікала ЕС накласці санкцыі на Януковіча
Такім чынам экс-прэм'ер спадзяецца прымусіць урад Украіны падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.
Януковіч "разумее толькі мову санкцый", — цытуе словы Юліі Цімашэнкі ВВС. Паведамляецца, што яна працягвае галадоўку і моцна аслабла фізічна.
Нагадаем, былая прэм'ер-міністр Украіны і адна з лідараў апазіцыі Юлія Цімашэнка ў кастрычніку 2011 года была асуджаная на 7 гадоў зняволення за перавышэнне паўнамоцтваў падчас падпісання газавых кантрактаў з Расіяй у 2009 годзе.
Ад 21 лістапада, калі ўкраінскі ўрад адклаў падпісанне дамовы аб асацыяцыі з ЕС, у краіне праходзяць акцыі пратэсту прыхільнікаў еўраінтэграцыі. Найбольш масавыя вулічныя выступленні адбываюцца ў Кіеве, іх цэнтр знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ("еўрамайдане"). Удзельнікі пратэстаў пікетуюць будынкі Кабінета міністраў, Адміністрацыі прэзідэнта ды іншыя. Яны патрабуюць адстаўкі ўраду і прэзідэнта, прызначэння датэрміновых выбараў.
У чацвер стала вядома, што ўлады далі пратэстоўцам 5 дзён, каб вызваліць захопленыя будынкі ў Кіеве. Пасля акцый пратэсту ў сталіцы пачалі 64 крымінальныя справы, паведаміў МУС Украіны.
Фота — ria.ru