Дэпутатка Ганна Канапацкая сустрэлася з канцлерам ФРГ Ангелай Меркель
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая сустрэлася з канцлерам ФРГ Ангелай Меркель. Сустрэча адбылася падчас з’езду нямецкага Хрысціянскага дэмакратычнага саюза ў Эсэне, у якім прыняла ўдзел прадстаўніца Беларусі.
“Палітычная сістэма Нямеччыны — адна з самых збалансаваных і эфектыўных у Еўропе. Развіццю нашай беларускай палітычнай сістэмы, безумоўна, будзе спрыяць досвед перадавых еўрапейскіх краін. Мы павінны вучыцца на чужых памылках, каб не дапускаць сваіх. У беларускай партыйнай сістэмы наперадзе вялікая і бурная будучыня. І вельмі важна, каб у пачатку гэтага новага шляху быў закладзены моцны і трывалы падмурак рэальнага, а не імітацыйнага парламентарызму. Такі, на базе якога ўжо шмат гадоў эфектыўна кіруюць такой краіна як Нямеччына”, — напісала Канапацкая на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Падчас з’езду ХДС канцлер Ангела Меркель была пераабраная на пасаду старшыні партыі і прыняла рашэнне працягнуць барацьбу на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах, нягледзячы на страту галасоў на фоне міграцыйнага крызісу.
“Мы шчыра пажадалі поспехаў адна адной”, — адзначыла Ганна Канапацкая.