Дэпутатка ў тэлеэфіры БТ сказала, што беларусы за мяжой — "не беларусы"

Анжаліка Курчак

Анжаліка Курчак / "Беларусь 1"

Беларусы, якія жывуць за межамі Беларусі, — "не беларусы". Пра гэта падчас прапагандысцкай перадачы "Скажы не маўчы" на тэлеканале "Беларусь 1" заявіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Анжаліка Курчак.

Вядоўца шоў спыталася ў дэпутаткі пра выбары 2025 года: "Ці праявяць сябе неяк апазіцыйныя сайты ў 2025 годзе?" Курчак сказала, быццам у беларускім грамадстве адбыліся "прарыў" і "згуртаванне". Яна дадала, што "ўсе гарады і вёскі ўпрыгожылі дзяржаўнымі сімваламі", а ў дзеці ў садках спяваюць дзяржаўны гімн.

"Таму 25-ы год — выдатны год. Думаю, мы яго выдатна перажывем. А што тычыцца тых дэструктыўных рэсурсаў, то вы ведаеце, у нашым менталітэце беларусаў, тыя, якія жывуць за межамі Беларусі, — яны не беларусы, і мы іх не чуем. Мы чуем, разумеем і верым тым, якія побач з намі", — адказала Курчак.

У Палаце прадстаўнікоў яна ўваходзіць у Пастаянную камісію па заканадаўстве. Раней Курчак працавала ў Генпракуратуры, дзе ў тым ліку была начальнікам упраўлення ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі і рэдакцыйнай дзейнасці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі