Дырэктар мінскай фірмы падмануў падатковую на Br 7,5 млрд
За гэта яго асудзілі на тры гады калоніі з канфіскацыяй маёмасці.
Суд Маскоўскага раёна сталіцы 13 красавіка асудзіў дырэктара прыватнай фірмы за ўхіленне ад уплаты падаткаў на 7,5 мільярда рублёў. Кіраўнік гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Атэка Клас” дзейнічаў разам з прыяцелем.
Саўдзельнікі адлюстроўвалі ў бухгалтарскім ўліку непраўдзівыя звесткі аб здзелках з ілжэструктурамі, што і дазваляла ім выводзіць грошы з-пад падаткаў.
Дырэктару фірмы далі 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, яго прыяцелю — пяць гадоў. Абодвум таксама прысудзілі канфіскацыю маёмасці, інфармуе БелаПАН.