Дзесяць беларускіх страў ёсць толькі ў кожнай чацвёртай мінскай кавярні

"У меню кожнага аб'екта агульнадаступнай сеткі грамадскага харчавання горада будзе старонка беларускай кухні, на якой прадстаўленыя дзесяць страў нацыянальнай кухні, якія хацелася б прапанаваць замежным гасцям”, — перадае БелТА абяцанні да Чэмпіянату па хакеі ад начальніка упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніны Емяльянавай.

У рэстаране Dolce Vita пяцізоркавага гатэля Crowne plaza нічога беларускага прапанаваць не могуць.

“У нас толькі італьянскае”, — сумна паведамляюць Еўрарадыё афіцыянткі. Затое тут можна з’есці суп з морапрадуктамі за 200 тысяч ці рызота за 150.

А вось у лобі гатэля Еўрарадыё знаходзіць калдуны за 104 тысячы. Гэта ўсё.

“У нас ёсць рулет з качкі, бужаніна, ялавічына, салат з селядцом, бульба з селядцом, асарці з лясных грыбоў, закуска па вясковаму — гэта з хатняй каўбаскай”, — пералічваюць беларускія стравы ў "Прэзідэнт-гатэлі". І называюць сярод беларускіх страў мяса з… соусам з тунца. Чаму не?

Няма нічога беларускага і ў рэстаранах “Фальконэ” і “Пяючыя фантаны”, што не дзіўна:

“У нас толькі італьнская кухня”, — каротка адказваюць, калі хачу замовіць абед.

Кіруемся ў менш мажорныя месцы. Кавярня “Перчык”, што на вуліцы Карла Маркса прапануе дранікі з мясам і без. Каштуюць 70 і 50 тысяч адпаведна.

Больш за 10 беларускіх страў знаходзім у “Грунвальдзе”: халадзец, грыбны суп з баравікоў, запечаны язык і нават "Крамбамбуля".

“У нас верашчака, мачанка па-панску, трус тушаны са смятанай”, — пералічваюць беларускія далікатэсы ў кавярні.

У абедзенны час тут можна паесці за сто тысяч, вечарам, разам з алкаголем, каля 300 тысяч, агучваюць сярэдні чэк у кавярні.

Агулам, з васьмі кавярняў, у якія звяртаемся, толькі ў двух больш за 10 беларускіх страў.

Еўрарадыё прыгадала, што тры гады таму на спецпраекце Белтэлерадыёкампаніі “Шэф-кухар” нават абралі афіцыйнага кухара Чэмпіянату па хакеі ў Мінску. Але дзе той кухар цяпер, адказаць ніхто не можа!

“Упершыню пра гэта чуў. Там яны, відаць, самі нешта праводзілі”, — адказваюць Еўрарадыё ў Дырэкцыі па правядзенні Чэмпіянату свету. Кухар-пераможца, па нашых звестках, цяпер гатуе недзе ў Маскве.

“Не варта прымушаць рэстараны і кавярні, бо калі гэта рэстаран італьянскай кухні ці японскай — гэта штучна будзе глядзецца. Трэба проста стымуляваць павелічэнне колькасці рэстаранаў беларускай кухні і не толькі перад Чэмпіянатам. І дзесяць страў гэта не шмат”, — даводзіць аўтар кнігі “Наша страва” Алесь Белы.

І прапануе, да прыкладу, свае дзесяць страў для кавярняў: халаднік, цэпеліны, зразы, калдуны, бульбяная кішка, верашчака, галубцы, вантрабянка, фаршаваны шчупак, грачаныя бліны.

Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Мінску з 9 па 25 траўня, акрамя беларускіх страў, да яго абяцаюць бясплатны wi-fi ва ўсіх кавярнях.

Фота: ladymilk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі