Дзярждэп: канчатковага рашэння пра адпраўку амбасадара ЗША ў Мінск няма

Дзярждэп: канчатковага рашэння пра адпраўку амбасадара ЗША ў Мінск няма

Канчатковае рашэнне пра адпраўку амбасадара ЗША ў Беларусь яшчэ не прынятае. Гэтае пытанне будзе разглядацца пасля таго, як Сенат зацвердзіць на гэтую пасаду амерыканскага дыпламата Джулі Фішэр. Пра гэта заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джордж Кент, перадае ТАСС.

Кандыдатуру Фішэр у верасні рэкамендаваў Камітэт па замежных справах Сената. Цяпер яе павінен зацвердзіць поўны склад Сената. "Тэрміны гэтага выніковага галасавання яшчэ не вызначаныя. Мы ўсё яшчэ яго чакаем і спадзяемся, што Сенат зацвердзіць кандыдатуру Джулі Фішэр, але на дадзены момант мы не ўпэўненыя з нагоды тэрмінаў. Любыя размовы пра тое, што адбудзецца пасля зацвярджэння кандыдатуры амбасадара, заўчасныя", — патлумачыў ён. 

Кент дадаў, што Вашынгтон лічыць неабходным умацоўваць амерыкана-беларускія адносіны "нават з улікам такіх няпростых часоў, як цяпер у Беларусі". 

Пра абмен амбасадарамі Беларусь і ЗША дамовіліся сёлета пасля 12-гадовай замарозкі адносінаў. 

У сярэдзіне верасня першы намеснік дзяржсакратара ЗША Стывен Біган заявіў, што Вашынгтон не плануе адмаўляцца ад адпраўкі амбасадара ў Беларусь. Пры гэтым кіраўніцтва ЗША рэзка крытыкавала афіцыйны Мінск і патрабавала правесці новыя выбары. 

На просьбу ТАСС патлумачыць цяперашнюю пазіцыю амерыканскіх уладаў адносна Беларусі Кент адказаў наступнае: "Палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі не змянілася. Мы падтрымліваем суверэнную і квітнеючую дэмакратычную краіну — і гэта аснова нашай палітыкі на працягу апошніх некалькіх гадоў, у той час як мы набліжаемся да таго, каб у нас былі нармальныя адносіны з паўнавартаснай дыпмісіяй на чале з амбасадарам"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі