Экс-старшыня Нацбанка: Расійскі крэдыт шкодны для Беларусі
Расійскі крэдыт кансервуе неэфектыўную савецкую мадэль эканомікі.
Такое меркаванне ў інтэрв'ю "Еўрабеларусі" выказаў былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.
Нагадаем, што Уладзімір Пуцін паабяцаў для Беларусі крэдыт у 2 мільярды долараў на 2014 год. Першы транш у 450 мільёнаў долараў паступіў у нашу краіну яшчэ перад Новым годам. Аднак на думку Багданкевіча, гэтых грошай Беларусі не хопіць і на паўгоддзе. Разам з тым ён нагадаў, што ўрад плануе прадаваць уласнасць: Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Мінскі завод колавых цягачоў, долю ў МТС. Акрамя таго паступаюць крэдыты і на будаўніцтва Беларускай АЭС.
Новы крэдыт, кажа эксперт, шкодны для краіны, бо дазваляе захоўваць неэфектыўную мадэль эканомікі, а не праводзіць рэформы. Але адначасова ўлада можа захаваць цяперашнюю стабільнасць на 2014 год.
Па словах Багданкевіча, патрэбная дэвальвацыя беларускага рубля для вонкавага гандлю — каб ажывіць экспарт, рост ВУП. Па прагнозе эксперта, да канца 2014 года долар павінен каштаваць 11 тысяч рублёў, максімум — 15 тысяч рублёў.
Фота — n1.by