Экс-вагнеравец кажа пра вялікую колькасць дзяцей, вывезеных з Украіны ў Беларусь

Украінскіх дзяцей у Беларусі вазілі на базы спецыяльных вайсковых падраздзяленняў

Украінскіх дзяцей у Беларусі вазілі на базы спецыяльных вайсковых падраздзяленняў / sb.by

Прадстаўнікі расійскіх спецслужбаў вывозілі з Украіны ў Беларусь вялікую колькасць дзяцей без бацькоў. Пра гэта заявіў Ігар Салікаў — былы палкоўнік расійскай арміі, які ваяваў у прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер". Мужчына прыбыў у Нідэрланды і пагадзіўся даць сведчанні ў Міжнародным крымінальным судзе пра ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне. Інтэрв'ю з ім зрабіў праз Skype нідэрландскі тэлеканал EenVandaag, заўважыла Радыё "Свабода".

Салікаву 60 гадоў. Па словах мужчыны, каля 25 гадоў ён служыў у расійскім войску, даслужыўся да звання палкоўніка. Потым ён ваяваў у Сірыі, Афрыцы і ва Украіне ў складзе ПВК "Вагнер".

Ён кажа, што ПВК "Вагнер" атрымлівала загады непасрэдна з Міністэрства абароны РФ, а часам — нават з адміністрацыі Уладзіміра Пуціна.

Салікаў расказаў, што вагнераўцы праводзілі аперацыі "пад чужым сцягам" у Данецку, калі на мінах гінулі цывільныя грамадзяне і дзеці. Таксама ён заявіў, што сепаратысты абстрэльвалі Данецк, каб потым абвінаваціць у гэтым украінскую армію. Экс-вагнеравец заявіў, што быў сведкам зверстваў супраць мірнага насельніцтва і палонных украінскіх вайскоўцаў.

Таксама Салікаў паведаміў, што расійскія спеслужбы вывозілі ўкранскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь. "Я бачыў, як людзі са спецслужбаў вывозілі вялікую колькасць дзяцей без бацькоў праз мяжу ў Беларусь", — прыводзіць тэлеканал яго словы. Мужчына сцвярджае, што ў вывазе дзяцей у Беларусь былі задзейнічаныя "цэлыя калоны супрацоўнікаў ФСБ на легкавых машынах і невялікіх мікрааўтобусах".

Паводле звестак украінскіх уладаў на снежань 2023 года, ад пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі з Украіны ў Расію дэпартавалі 19 546 дзяцей. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расійскі бок, дарэчы, кажа пра 700 тысяч вывезеных дзяцей.

За ўдзел у дэпартацыі дзяцей ва Украіне пачалі крымінальную справу на беларускага параалімпійца Аляксея Талая

Экс-вагнеравец кажа пра вялікую колькасць дзяцей, вывезеных з Украіны ў Беларусь
Ігар Салікаў / eenvandaag.avrotros.nl

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі