Эрдаган гатовы пайсці ў адстаўку, калі пацвердзяцца словы Пуціна
![Эрдаган гатовы пайсці ў адстаўку, калі пацвердзяцца словы Пуціна](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/1332813608erdahanreuters715.jpg.webp?itok=MhfCC1VH)
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган гатовы пайсці ў адстаўку, калі пацвердзяцца словы Уладзіміра Пуціна. Расійскі прэзідэнт у Парыжы заявіў, што Турцыя купляе нафту ў "Ісламскай дзяржавы". А збіты туркамі расійскі ваенны самалёт — прыкрыццё гэтай аперацыі. "А ці пойдзеце вы?", — спытаў праз журналістаў Эрдаган у Пуціна, інфармуе meduza.io.
Нагадаем, учора ў сталіцы Францыі прайшоў кліматычны саміт ААН. На ім прысутнічалі і прэзідэнты Расіі і Турцыі, краінаў, адносіны паміж якімі сталі напружанымі пасля збіцця на сірыйска-турэцкай мяжы самалёта Су-24 і гібелі пілота. Масква, не дачакаўшыся ад Эрдагана прабачэнняў, увяла супраць Турцыі эканамічныя санкцыі. Расійскі прэзідэнт не захацеў сустракацца ў Парыжы з турэцкім кіраўніком. Больш таго, ён правёў прэс-канферэнцыю.
Паводле Пуціна, ён мае "дадатковыя дадзеныя", якія пацвярджаюць, што Турцыя ў прамысловым масштабе атрымлівае нафту ад тэрарыстычных груповак у Сірыі, у тым ліку і ад "Ісламскай дзяржавы". Турцыя такія абвінавачанні абвяргае, адзначае ВВС.
Фота: Reuters, ria.ru