Ермакова: Валюта ў абменніках будзе на пачатку наступнага тыдня
У некаторых абменных пунктах прадаюць толькі набытую раней валюту, асобныя абменнікі наогул не працуюць.
Праблема з недахопам валюты ў банкаўскіх абменных пунктах будзе вырашаная на пачатку наступнага тыдня. Пра гэта старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова заявіла ў інтэрв'ю агенцтву БЕЛТА.
Нацбанк праводзіць пастаянны маніторынг сітуацыі ў абменніках як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Валюты па-ранейшаму мала. У некаторых абменных пунктах прадаюць толькі набытую раней валюту, а іншыя абменнікі і ўвогуле не працуюць.
Па словах Ермаковай, ва ўсім вінаватае рэзкае павелічэння попыту на валюту: ад пачатку снежня попыт вырас больш чым у сем разоў. Калі ў лістападзе ў сярэднім у дзень куплялі каля 5 млн долараў у эквіваленце, то 16 снежня — ужо 33 млн, 17 снежня — 66 млн, а 18 снежня — 80 млн долараў. Да такой рэзкай змены банкі апынуліся проста не падрыхтаваныя.
Старшыня Нацбанка заявіла, што беларускі бок ужо цэнтралізавана замовіў валюту. "На наступным тыдні яна ў дастатковай колькасці з'явіцца ў абменніках. У панядзелак-аўторак сітуацыя з наяўнымі павінна нармалізавацца", — заявіла Ермакова.