Фірмы, што даюць пазыкі пад 730%, чакаюць кантролю Нацбанка?
Кажуць, ад адпаведнага ўказу адныя плюсы!
Хуткія грошы беларусам зараз даюць без праблем амаль усім.
“Патрэбен пашпарт з мінскай прапіскай — гэта важна, бо дзе мы будзем вас потым шукаць, калі пратэрмінуеце пазыку? І даведка з месца працы ці кантракт”, — умовы атрымання хуткіх грошай у так званых мікрафінансавых арганізацыях больш чым прывабныя.
У банку на звычайны спажывецкі крэдыт правераць крэдытную гісторыю і спытаюць пра заробак — ад яго будзе залежаць сума крэдыту.
Хуткія грошы беларусы бяруць, асабліва перад святамі. Быццам бы ўсё проста, але працэнты! За адзін дзень — 2%, за год — 730%! А да таго ж, большасць кантор з хуткімі грашыма маюць нейкі мінімальны тэрмін пазыкі.
“Мінімальна 7 дзён, максімальна — 30 дзён”, — прыводзяць у офісе. Разлічваюць: за мільён рублёў, узятых на тыдзень, давядзецца заплаціць 140 тысяч рублёў звыш пазыкі.
Пытаюся, ці пужае магчымы ўказ аб кантролі Нацбанка, і нечакана чую: “Калі ўжо прымуць гэты ўказ, каб можна было спакойна працаваць!”.
“…без яго ў нас столькі праблем! Пачынаючы ад ўзгаднення рэкламы, пішуць заказныя артыкулы, даюць зразумець, што лепей звяртацца ў банк, чым да нас! Узгадняеш рэкламу ў выканкаме, а нам раяць зрабіць рэкламу больш сціплай. Да таго ж стаўкі на рэкламу павышаны ўдвая. Калі ў месяц білборд каштуе 500, для нас удвая даражэй!” — у фірме па пазыках кажуць, што гэта толькі верхавіна айсберга.
Тут спадзяюцца, што з указам з рынку знікнуць фірмы-аднадзёнкі, “якіх развялося апошнім часам зашмат”.
Нібыта не палохае і тое, што такім фірмам загадаюць мець статутны фонд і будуць кантраляваць працэнтную стаўку.
“Наколькі я ведаю, гэтыя патрабаванні былі пробнымі. Агучваліся лічбы на 100 тысяч еўра, але гэта каб паглядзець, як зрэагуюць. Адрэагавалі станоўча! Стаўку працэнтную наўрад ці хто будзе рэгуляваць, бо гэта ўмяшальніцтва ў камерцыйную дзейнасць. Думаю, будуць абмяжоўваць, калі працэнты будуць перавышаць сярэднеўзважаную стаўку па рэспубліцы”, — кажа прадстаўнік фірмы, дзе даюць пазыкі.
На думку аналітыка афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзіма Іосуба, прыняцце ўказа аб рэгуляванні дзейнасці мікрафінансавых арганізацый зробіць стаўкі больш празрыстымі. І, магчыма, пасля прыняцця ўказу, на рынку застануцца толькі сур’ёзныя гульцы.
“Зараз у такіх арганізацый — залаты час, калі ў камерцыйных банках абмежавалі стаўкі па спажывецкіх крэдытах. Але праблема тут у нізкай фінансавай граматнасці насельніцтва. Трэба разумець, на які час браць такія крэдыты. Калі на 5-10 дзён — у гэтых крэдытах няма нічога страшнага. А вось калі на год…. Чалавек бярэ такую пазыку, не плаціць год і атрымліваюцца велізарныя працэнты, якія ніхто не пацягне. Чалавек звяртаецца ў Нацбанк, які тут ні пры чым. Указ — гэта спосаб зняць гэты галаўны боль”, — кажа Вадзім Іосуб.