Гаспадары “пустых” кватэр з 1 кастрычніка будуць плаціць за ваду

Гаспадары “пустых” кватэр з 1 кастрычніка будуць плаціць за ваду

З 1 кастрычніка ў Беларусі ўведзеная новая норма аплаты за ваду: калі ў кватэры ніхто не зарэгістраваны і калі там няма прыбораў уліку вады, уласнік памяшкання будзе плаціць за такую паслугу. Раней за ваду ў “пустых” кватэрах рахункаў не выстаўлялі. Пра гэта паведамляе партал камунальнай пісьменнасці насельніцтва Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Паводле дадзеных ведамства, толькі ў Мінску ёсць каля 9 тысяч кватэр, дзе няма зарэгістраваных спажыўцоў паслугаў водазабеспячэння. Спажытая іх насельнікамі вада спісваецца на няўлічаныя страты і значна павялічвае выдаткі водаканалаў.

Ад сёння рахункі за ваду для ўласнікаў такіх кватэр будуць вызначацца па спецыяльнай формуле.  Агульную плошчу кватэры дзеляць на 20 квадратных метраў з акругленнем да цэлага ў бок змяншэння і вызначаюць умоўную колькасць жыхароў. Так, у кватэры плошчай 50 квадратных метраў умоўна пражываюць 2 чалавекі. Затым атрыманую лічбу памнажаюць на вызначаны нарматыў (у Мінску — 8 кубаметраў) і на поўныя тарыфы на аказанне паслугі. Уласніку такой кватэры давядзецца штомесяц плаціць па 18,25 рубля толькі за ваду.

Каб пазбегнуць такіх выдаткаў, уласнік кватэры можа паставіць лічыльнік расходу вады — тады нават для “пустой” кватэры будуць выстаўляць рахункі толькі за фактычна спажытую ваду.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі