Генерал Фармагей: На Дзень Волі быў магчымы паўтор 3 ліпеня

А 18-й гадзіне людзі сабраліся ля Акадэміі навук, каб паслухаць прамоўцаў з розных партыяў і арганізацый. Але не такія былі планы міліцыянтаў. Яны канфіскавалі апаратуру ў арганізатараў, а наўзамен вырашылі, што самі пакрычаць у мегафоны міліцэйскіх машын. Вось дыялог аднаго з арганізатараў мітынга, прадстаўніка Партыі БНФ Віктара Івашкевіча з міліцэйскім афіцэрам

Івашкевіч: "Я магу толькі горлам крычаць, і гэта пачуюць пяць чалавек разам з вамі. Адказнасць за ўсё, што тут адбудзецца ў выніку канфіскацыі апаратуры, кладзецца на Вас".

Міліцыянт: "Значыцца так, вы ведаеце, што вам тут дазволены збор і шэсце. Таму я зараз вазьму свой гучнагаварыльнік і вам абвяшчу, што вам і куды".

Івашкевіч: "Не, аддайце мне маю апаратуру".

На гэтым нечаканыя заявы з боку міліцыянтаў не скончыліся. Кіраўнік сталічнай міліцыі Леанід Фармагей палохаў "тэрактамі", якія меліся арганізаваць невядомыя прыхадні з іншай краіны.

Фармагей: "Шаноўныя таварышы, ёсць імаверная інфармацыя, што ў Рэспубліку Беларусь, у прыватнасці, горад Мінск, прыбылі дэструктыўна настроеныя элементы з іншай дзяржавы".

Мінакі: "Адкуль? Адкуль? З Ізраіля?!".

Фрамагей: "Пакуль мы іх не выявілі, але вядома адно: яны маюць намер здзейсніць правакацыю, падобную на 3 ліпеня 2008 года. Таму, шаноўныя таварышы, з’яўляючыся арганізатарамі гэтага мерапрыемства і распісаўшыся ў тым, што вы забяспечваеце грамадскую бяспеку і парадак, павінны разумець, што ўся адказнасць кладзецца ў тым ліку і на вас".



Замежныя ваяўнікі з бомбамі не з'явіліся, затое прыйшлі хлопцы з “Белай Волі”, незарэгістраванай арганізацыі. Яны абвясцілі, што ім на агульным мітынгу ля Акадэміі навук нуднавата і яны пойдуць шэсцем па Мінску да плошчы Бангалор. Услед за імі на машынах і пехам пагналася міліцыя. Аднак хітрыя "белавольцы" дайшлі толькі да ўніверсама "Рыга". На прыступках крамы яны правялі невялікі мітынг, пракрычалі некалькі лозунгаў і зніклі.

Мітынг каля Акадэміі навук ішоў спакойна і нават узнёсла. Імправізаваны хор спяваў народныя песні. Кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заклікаў беларусаў да нацыянальнай салідарнасці.

Янукевіч: "Давайце праяўляць нашую агульнабеларускую салідарнасць. Напрыклад, пераводзіць грошы на рахункі хворых дзяцей, якім патрэбнае лячэнне. Мы павінны паклапаціцца пра тых, хто не можа паклапаціцца пра сябе, каб яны таксама маглі далучыцца да нашай беларускай салідарнасці і нашага беларускага свята". 




Кіраўнік аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі заклікаў "скінуць млявасць і абыякавасць", "адрынуць здраду" і пачаць "новую хвалю беларускага рэнесансу".

Рымашэўскі: "Вельмі многія беларускія палітыкі гатовыя лёгка і бяздумна выконваць любыя загады з Усходу ці Захаду. Хопіць бязглуздасці і хістанняў, няпэўнасці, ліслівасці і здрады. Прыйшоў час для новага адраджэння нашай бацькаўшчыны". 



Карэспандэнты Еўрарадыё знайшлі ў натоўпе кіраўніка прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандра Ластоўскага і запыталі, ці спыніцца пераслед журналістаў падчас масавых акцый.

Ластоўскі: "Нават калі вас затрымалі, пакажыце пасведчанне. Пасля высвятлення асобы вас адпусцяць. А ўвогуле, бачыце, ужо цямнее. Вы ж зразумейце, забяспечваць парадак на масавай акцыі ў прыцемках — няпростая задача".

Зміцер Лукашук: "Раней невядомыя засланялі, напрыклад, камеру, каб нельга было здымаць. Вы дапаможаце, калі зноў будзе такая праблема?"

Ластоўскі: "Я адказваю за гэтую акцыю, і давайце не будзем фантазіраваць, што было раней. Да таго ж я, шчыра кажучы, ніколі не бачыў такога".

Палітык Алесь Міхалевіч, які збіраецца стаць кандыдатам у прэзідэнты, на трыбуну не пайшоў. Ён стаяў сярод людзей і гаманіў.

Міхалевіч: "Я не арганізатар, прыйшоў як удзельнік, бо Дзень Волі важны для мяне. Мару дачакацца таго дня, калі 25 сакавіка будзе не акцыяй пратэсту, а нармальным святкаваннем — з канцэртамі, добрай ежай і паветранымі шарыкамі".

Аднак, відаць, да яднання і мірнага свята яшчэ далёка. Начальнік сталічнай міліцыі Леанід Фармагей мітынгоўцаў і свята зразумеў па-свойму.

Фармагей: "Ну, яны сябе абазначылі. Вы ж самі бачыце, гэта нейкія адзінкі, са сваімі амбіцыямі. Відаць, у кагосьці штосьці ў жыцці не склалася".


Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі