Гэта прывядзе да далейшай ізаляцыі: Барэль аб патрабаванні МЗС адклікаць паслоў

Жозэп Барэль / Reuters
Жозэп Барэль / Reuters

Высокі прадстаўнік ЕС Жозэп Барэль адрэагаваў на патрабаванне беларускага МЗС скараціць колькасць дыпламатаў у амбасадах Польшчы і Літвы.

На думку еўрачыноўніка, патрабаванне беларускіх уладаў "беспадстаўнае і вартае жалю".

"Гэта ідзе насуперак логіцы дыялогу і прывядзе да далейшай ізаляцыі ўладаў у Мінску, — лічыць Барэль. — Спробы беларускіх уладаў атакаваць пэўныя дзяржавы-члены ЕС не прывядуць да паслаблення адзінства ЕС, што было выразна пацверджана Еўрапейскім саветам 1 кастрычніка, калі ўсе дзяржавы-члены ЕС заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць усіх затрыманых і палітычных зняволеных. Паважайце свабоду СМІ і грамадзянскую супольнасць і пачынайце ўсебаковы нацыянальны дыялог".

Па словах Высокага прадстаўніка, ЕС працягне падтрымліваць беларусаў у іх імкненні да новых і справядлівых выбараў "без знешняга ўмяшальніцтва".

МЗС Беларусі прапанаваў Літве і Польшчы адклікаць паслоў і скараціць колькасць дыпламатаў у Беларусі 2 кастрычніка. Гэта стала адказам на санкцыі ЕС супраць 40 беларускіх чыноўнікаў, "якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях і адказных за прымяненне гвалту супраць мірных грамадзян".

З 5 кастрычніка Мінск адклікае сваіх паслоў у Польшчы і Літве для кансультацый. Польшчы і Літве беларускі бок парэкамендаваў зрабіць тое ж. Але афіцыйныя Варшава і Вільнюс паведамілі, што не збіраюцца гэтым займацца. Тады беларускі МЗС заявіў, што патрабаванні абавязковыя да выканання і звязаныя з "асаблівай дэструктыўнай роляй, якую вырашыла гуляць кіраўніцтва Польшчы і Літвы ў бягучай сітуацыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі