Глеб: Канфлікту з Кандрацьевым і парушэння дысцыпліны не было
Паўабаронца турэцкага "Коньяспора" пракаментаваў новую версію пра прычыны яго адсутнасці сярод гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусі.
Як вядома, галоўны трэнер Георгій Кандрацьеў не выклікаў Аляксандра Глеба на матчы са зборнымі Украіны (9 кастрычніка) і Славакіі (12 кастрычніка). Украінскія інтэрнэт-выданні напісалі, што прычына ў адносінах гульца да каманднай дысцыпліны: захоча — прыедзе на базу, захоча — з'едзе. Сам Кандрацьеў сітуацыю не каментуе, адсюль і чуткі.
"Я ніколі самачынна з каманды не адлучаўся. Трызненне нейкае", — сказаў Аляксандр Глеб у інтэрв'ю газеце "Комсомольская правда в Беларуси". Ён абверг, што ў яго існуе канфлікт з Георгіем Кандрацьевым. Паводле Глеба, яны "не сварыліся і адносін не высвятлялі — нармальна кантактавалі". Футбаліст прызнае, што рашэнне галоўнага трэнера яго здзівіла, але ён прыняў яго "з разуменнем, таму што трэнер адказвае за вынік".
У той жа час Аляксандр Глеб кажа, што калі ў будучыні яго ўсё ж выклічуць у зборную Беларусі, то ён прыедзе.